Стрыечным брату і сястры з Мінска прысудзілі па тры гады «хатняй хіміі» за «вікторыю» і сцяжок
Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд Арцёму Ждановічу і Кацярыне Стаднік, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзелу ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна, паведамляюць праваабаронцы.
Па матэрыялах абвінавачання Арцём і Кацярына напрыканцы
жніўня 2020 года ў Мінску на праспекце Незалежнасці і бліжэйшых вуліцах,
«дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі асобамі, прынялі актыўны
ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што прывяло
да парушэння працы грамадскага транспарту».
Выкарыстоўвалі ў якасці пратэстнай сімволікі сцяжок
бел-чырвона-белага колеру (а абвінавачаны Ждановіч пры гэтым дэманструючы ў
якасці пратэстнага сімвала жэст V пальцамі рук), рухаліся па праезнай частцы
дарогі, блакавалі шлях транспартным сродкам.