Студэнты БДЭУ «вярнулі» Герасіменю ў будынак ВНУ
Студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта развесілі на сценах ВНУ фотаздымкі Аляксандры Герасімені.

Нагадаем, на мінулым тыдні фотаздымак Аляксандры Герасімені знік са стэнда «Спартыўны гонар БДЭУ». Замест яго павесілі фота весляра Андрэя Багдановіча, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і ганаровага грамадзяніна Бабруйска. Напярэдадні выбараў ён заяўляў, што рады стабільнай сітуацыі ў Беларусі і адзначаў, што «сітуацыю імкнуцца дэстабілізаваць».
«Што ж, адміністрацыя можа і далей ганарыцца сілавікамі, але нашы студэнты і студэнткі захапляюцца Аляксандрай і ўдзячныя ёй за ўсё, што яна робіць у барацьбе за свабоду і справядлівасць. Нашы партызаны не захацелі мірыцца з гэтай сітуацыяй, таму зараз усе сцены ўніверсітэта ў фотаздымках нашай гераіні!» — напісаў тэлеграм-канал «БГЭУ 97%».
Нагадаем, што легендарная плыўчыха Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Фонд салідарнасці спартсменаў, а ў дзень адкрыцця «Усебеларускага народнага сходу» накіравала ліст Аляксандру Лукашэнку. «Вы прыгнятаеце і знішчаеце свой народ, думаючы, што ён вас любіць. А ён вас ненавідзіць і просіць, каб вы хутчэй сышлі», — звярталася яна.
На пачатку красавіка стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу супраць Аляксандры Герасімені.