Суд пакінуў абаронцу Курапатаў штраф за крыжы
Сёння, 25 сакавіка, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска абаронцу Курапатаў Валеру Рабцаву пакінулі штраф за ўсталяванне крыжоў у Курапатах.
Суддзя Іван Касцян лічыць справядлівым пакаранне за ўсталяванне крыжоў у памеры 3 базавых велічыняў.
Нагадаем, увосень 2018 года актывісты Курапацкай варты ўсталявалі 13 драўляных крыжоў з боку дарогі Калодзішчы–Заслаўе. У кастрычніку начальнік «Мінскаблдарбуду» Уладзімір Сцяпанаў выпісаў актывісту Партыі БНФ Валеру Рабцаву штраф 2 базавыя велічыні за ўсталяванне крыжоў.
Абаронца Курапатаў не пагадзіўся са штрафам і абскардзіў яго ў судзе. Суддзя Вікторыя Шабуня 20 снежня прыняла пастанову на карысць актывіста.
Але ў сакавіку пасля «Вялікай размовы» Лукашэнкі, дзе кіраўнік краіны абрынуўся на крыжы ля Курапатаў, скасаваны штраф вярнулі, але ўжо ў памеры трох базавых велічынь.
— Лічу пастанову незаконнай і неабгрунтаванай. Юрыстка «Аблдарбуда» сказала, што будзе выносіць нам прэтэнзію аб дэмантажы крыжоў. Але гэта ўжо зусім іншы, грамадзянскі суд. Думаю, судовае рашэнне будзе перадвызначана на падставе выступлення кіраўніка дзяржавы, — сказаў Валер Рабцаў НЧ.
Валер Рабцаў збіраецца і надалей абскарджваць рашэнне, ажно да Вярхоўнага Суда.