Судзяць яшчэ аднаго ўдзельніка падзей 9 жніўня 2020 года. Яго вылічылі праз год па вопратцы

У судзе Заводскага раёна Мінска разглядаецца крымінальная справа Яўгена Крачкоўскага, абвінавачанага ў арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ). Падзеі тычацца 9 жніўня 2020 года, піша «Вясна».

krachkouski_2.jpg

Справу разглядае суддзя Жанна Хвайніцкая, дзяржабвінавачанне прадстаўляе памочнік пракурора Валадзько.

Яўген Вячаслававіч Крачкоўскі — аўтар праекта «АДВЕКУ». Мужчына займаўся пошукам продкаў у Беларусі, генеалагічнымі даследаваннямі, складаннем радаводу, пошукам у архівах, мае непаўнагадовае дзіця. Прызнаны палітычным зняволеным.

Яўгена Крачкоўскага затрымалі 8 верасня 2021 года пасля ператрусу ў яго доме. Да суда знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1. У момант затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК прымусілі мужчыну запісаць пакаяльнае відэа.

Яго вылічылі па білінгу ягонага тэлефона, а калі прыйшлі з ператрусам дахаты — знайшлі вопратку, у якой ён быў апрануты 9 жніўня 2020 года і якая была бачна на фотаздымках, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу на Стэле знаходзіцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал святлафора.

Па матэрыялах абвінавачання, Крачкоўскі з групай неўстаноўленых асоб пасля 21 гадзіны ў раёне праспекта Пераможцаў і Варвашэні груба парушаў грамадскі парадак, стаяў у счэпцы і перашкаджаў руху грамадскага транспарту.

У справе маецца матэрыяльная прэтэнзія прадпрыемства «Мінсктранс» аб нанясенні ўрону ў памеры 3621 рубель і 64 капейкі.

Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова.

Падчас допыту Крачкоўскі патлумачыў, што ў той вечар разам з сябрам з-за цікавасці даехалі да Мельнікайтэ, было шмат народу. Працы транспарту яны не перашкаджалі, вуліцу пераходзілі на зялёнае святло. Таму іск «Мінсктранса» цалкам не прызнае. Праз некалькі гадзін выклікаў таксоўку і паехаў дадому.

Адвакат Аляксей Дравіца звярнуў увагу, што перыяд часу прастою грамадскага транспарту, які ўказаны ў іску  «Мінсктранса», у некалькі разоў перавышае час знаходжання Крачкоўскага  на месцы правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Суд абвясціў перапынак для ўдакладнення патрабаванняў транспартнікаў.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 10-30 9 лістапада.