Журналіста Дзяніса Івашына сапраўды вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення
Наш аўтар Дзяніс Івашын, які прызнаны палітвязнем, знаходзіцца за кратамі з 12 сакавіка.

Раней Дзянісу Івашыну было прад’яўлена абвінавачанне па
артыкуле «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў», аднак нядаўна ў адным з праўладных телеграм-каналаў паведамілі, што артыкул журналісту
перакваліфікавалі, і цяпер яго абвінавачваюць па артыкуле «Здрада дзяржаве», які прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.
У адказ на гэта Вольга Івашына накіравала запыт у гродненскі КДБ, каб высветліць, якія артыкулы насамрэч інкрымінаваныя яе мужу. Адказ ужо прыйшоў. У ім ад імя начальніка СА УКДБ па Гродненскай вобласці Варанецкага гаворыцца, што журналіста вінавацяць паводле двух артыкулаў — ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») і арт. 365 («Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»).


Па першаму са згаданых артыкулаў можа пагражаць пакаранне ад 7 да 15 гадоў (са штрафам ці без), па другім — штраф, арышт, альбо пазбаўленне волі да трох гадоў.
Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка, у гэты ж дзень
ператрусы прайшлі ў яго дома, яго бацькоў і 95-гадовай бабулі.
Івашын, які супрацоўнічае з «Новым часам» і з’яўляецца ўдзельнікам ўкраінскай ініцыятывы «Інформнапалм», вядомы сваімі расследаваннямі.