Святлана Алексіевіч: Мы мелі справу з двума сіламі — з аднаго боку Лукашэнка, з іншага вялізны мядзведзь Расія
Наступленні на свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі былі галоўнымі тэмамі канферэнцыі, якая праводзілася ў віртуальным рэжыме з ініцыятывы ААН. У ёй узялі ўдзел Святлана Алексіевіч, прадстаўнікі Камітэту абароны журналістаў і праваабаронцы арганізацыі Human Rights Watch, перадае «Голос Америки».
Пра падзеі ў Беларусі ўдзельнікам сустрэчы апавяла
нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Паводле яе, «сутыкненне з
дыктатурай было прагназаваным, але ніхто не чакаў настолькі варварскай
рэакцыі». Пры гэтым Святлана Алексіевіч упэўнена, што ад мары жыць у свабоднай
краіне большасць беларусаў не адмовілася.
«Нам давялося мець справу з двума сіламі: з а аднаго боку
Лукашэнка, з іншага — вялізны мядзведзь Расія. Гаворка не толькі пра тое, што
рэжым намагаецца ў страху трымаць увесь народ, запужаць народ, пазбавіць яго
інстынкту свабоды і веры ў сябе, але ён ідзе і на тое, каб знішчыць цалкам
грамадскую супольнасць і культурнае жыццё краіны», — адзначыла яна.
У верасні вярхоўны камісар правоў чалавека ААН Мішэль
Бачлет апавядала пра катаванні і жорсткае абыходжанне з удзельнікамі
пратэстаў. Цяпер, як лічаць праваабаронцы Human Rights Watch, гаворка ідзе ўжо
не толькі пра барацьбу ўладаў з пратэстоўцамі, а пра вынішчэнне іншадумства.
Пра гэта ўдзельнікам сустрэчы расказала Рэйчэл Дэнбэр, куратарка аддзелу Еўропы
і Сярэдняй Азіі ў Human Rights Watch.
«За час нашага назірання за Беларуссю мы бачылі там і
наступ на правы чалавека, і праяву аўтарытарызму, і нават вельмі жорсткі наступ
на правы чалавека, але тое, што мы бачылі цягам апошняга году, гэта ўжо зусім
іншая справа. Гэта спроба не толькі пераследаваць актывістаў ці ўскладніць ім
жыццё, а поўнае знішчэнне іншадумства», — заявіла Рэйчэл Дэнбэр.
У сваю чаргу спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі ў
Беларусі Анаіс Марын казала пра тое, што наступ на грамадзянскія правы вядзецца
не толькі ў палітыцы, але і ў культуры.
«Беларуская канстытуцыя ўсталёўвае беларускую мову ў якасці
дзяржаўнай, і тым не менш, дзесяцігоддзямі існуе практыка дыскрымінацыі тых,
хто размаўляе на беларускай. Мяне асабліва непакоіць абмежаванае выкарыстанне
беларускай мовы ў вышэйшай і сярэдняй адукацыі», — адзначыла Анаіс Марын.
Удзельнікі сустрэчы заклікалі міжнародную супольнасць праз
дыпламатычныя падважнікі паўплываць на Мінск і не дапусціць канчатковага задушэння
ў краіне грамадзянскіх свабодаў.
Паводле «Свабоды».