Шматдзетнаму бацьку, які з бензапілой выгнаў са свайго дома людзей у цывільным, прысудзілі два гады калоніі
Над Міхаілам Карасёвым з Рэчыцы ўчора адбыўся суд. Адзін з «пацярпелых» расказваў, што цяпер баіцца заходзіць у чужыя дамы, піша найстарэйшае беларускаае выданне (прызнанае «экстрэмісцкім»).
Мужчыну затрымалі 2 сакавіка 2022 года.
У той дзень у дом да яго прыйшлі двое асоб у цывільным, якія
папрасілі прайсці з імі жонку мужчыны. Міхаіл спрасонку вырашыў, што гэта
злодзеі (тым больш у горадзе акурат папярэджвалі, што арудуюць бандыты, якія
прадстаўляцца міліцыянтамі), завёў бензапілу і выгнаў іх.
А праз дзесяць хвілін пасля гэтага да іх прыехаў міліцэйскі
нарад.
Мужчыне прад'явілі абвінавачванні па 364 артыкуле
Крымінальнага кодэкса («Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да
супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Як стала вядома, «дзве асобы ў цывільным», якія
прыйшлі тады ў дом мужчыны па яго жонку, запатрабавалі матэрыяльную
кампенсацыю. Жонка Карасёва заплаціла ім 1000 рублёў на дваіх.
На судзе адзін з «пацярпелых» расказваў, што ён цяпер баіцца
заходзіць у чужыя дамы.
Таксама следчы па справе не палічыў патрэбным далучыць да
справы доказы таго, што ў горадзе дзейнічаюць злодзеі. Словы адваката Міхаіла
пра гэта суд не прыняў да ўвагі.
Мужчыну далі 2 гады ўзмоцненага рэжыму.
У Міхаіла Карасёва чацвёра дзяцей, мужчына працаваў на
Рэчыцкім метызным заводзе машыністам крана.
Яго жонка апошні час была ў дэкрэце, сям’я знаходзіцца ў
цяжкім фінансавам становішчы.
Да ўступлення пастановы суда ў законную сілу мужчына будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3.