Турэцкая авіякампанія збіраецца лётаць у Мінск, нягледзячы на санкцыі. Але ці турэцкая?

Днямі «Радыё Свабода» звярнула ўвагу на паведамленне турэцкай авіякампаніі Southwind Airlines, якое абвяшчае, што з 15 снежня авіяперавозчык пачынае палёты са Стамбула ў Мінск. Кошты на квіткі стартуюць ад $172, але галоўнае — час палёту ў 3 гадзіны, супраць пяці на рэйсе Мінск – Стамбул у «Белавія».

southwind_airlines.jpg

Зрэшты, у гэтай гісторыі ёсць цэлы шэраг цікавых момантаў, на якія звярнуў увагу motolko.help. Высветлілася, што гэта турэцкая гэтая авіякампанія толькі на паперы, а насамрэч — расійская.

Нагадаем, што на сёння авіякампанія «Белавія» знаходзіцца пад санкцыямі Швейцарыі, краін ЕС і ЗША. У мінулым годзе Міністэрства гандлю ЗША яшчэ і зрабіла больш жорсткімі абмежаванні ў дачыненні да «Белавія» за выкананне рэйсаў на самалётах Boeing у парушэнне абмежаванняў, уведзеных пасля ўварвання Расіі ва Украіну. І так, 7 снежня Мінгандлю ЗША падоўжыла гэтыя экспартныя абмежаванні супраць «Белавія» яшчэ на 180 дзён (ужо трэці раз).

Што ж мы ведаем пра «Паўднёвы вецер» (ці паўночны)?

Маладая «турэцкая» авіякампанія Southwind Airlines зʼявілася вясной 2022 года як рэакцыя на абмежаванне міжнародных палётаў для расійскіх авіякампаній, выкліканых развязваннем Расіяй вайны ва Украіне.

Матэрыяльнай базай і асновай штата супрацоўнікаў для яе сталі самалёты і персанал расійскай авіякампаніі Nordwind Airlines, якой у сваю чаргу валодае расійскае ТАА «Паўночны вецер».

А далей, як кажуць, сачыце за рукамі. 100% у ТАА «Паўночны вецер» належыць Карынэ Букрэй — жонцы бізнесмена турэцкага паходжання Рамазана Акпынара, які валодае вядомым тураператарам Pegas Touristik. У шэрагу крыніц наогул згадваецца, што Букрэй, як мінімум па стане на 2022 год была генеральным дырэктарам асноўнай юрыдычнай асобы Pegas Touristic – ТАА «Пегас турыстык».

І зірнем на лагатыпы Nordwind Airlines і «турэцкай» Southwind Airlines.


snimok_ekrana_2023_12_10_v_20.webp

На гэтае ж падабенства звярнулі ўвагу і армянскія журналісты, якія паведамілі, што тураператар Pegas Touristik насамрэч стаіць за Southwind Airlines, а Турцыя зʼяўляецца толькі прыкрыццём, каб пазбегнуць жорсткіх санкцый, уведзеных супраць Расіі пасля нападу на Украіну.

Дадатковым сведчаннем гэтага зʼяўляюцца паведамленні, што Southwind Airlines стваралася спецыяльна для перавозкі расійскіх пакетных турыстаў на турэцкія курорты. Уласна гэта пацвердзілася з іх першага палёту, які Southwind здзейсніла ў жніўні 2022 года з турэцкага курорта ў расійскую глыбінку і назад (Анталля – Перм – Анталля). Затым пачаліся рэгулярныя штодзённыя палёты з Анталлі ў расійскія гарады.

У пачатку працы флот Southwind Airlines складаўся ўсяго з трох самалётаў, а менш чым праз год іх стала ўжо 12. І па-ранейшаму ў эксплуатацыі застаюцца тры барты, атрыманыя ад расійскай Nordwind (рэг. TC-GRA, TC-GRB, TC-GRC). Пры гэтым значна пашырылася геаграфія палётаў: рэйсы з Анталіі зараз здзяйсняюцца, у тым ліку і ў Еўрапейскія краіны.

Цікавая дэталь датычыцца парка самалётаў: у Southwind ёсць некалькі новых Boeing 737 MAX 8. У тым ліку быў адзін з «максаў», ад якіх адмовілася расійская S7 Airlines з-за адсутнасці сертыфіката лётнай прыдатнасці і немагчымасці іх далейшай эксплуатацыі ў РФ.

Выкарыстанне самалётаў Boeing 737 MAX 8 у Расіі забаранілі яшчэ ў сакавіку 2019 года. Паўторную сертыфікацыю не правялі, а пасля пачатку вайны расейскія ўлады нібыта ў адказ на заходнія санкцыі 19 траўня 2022 самі ўвялі асобную забарону датычна эксплуатацыі Boeing 737 MAX 8 над тэрыторыяй РФ, чым дадаткова прыпсавалі планы беларускай Belavia з яе адзіным «максам».

Затым у ліпені 2022 было ўведзена асобнае паслабленне, якое дазваляла транзітны пралёт праз РФ трымальнікам такіх самалётаў з «дружалюбных» краін. Такім чынам Belavia змагла карыстацца сваім MAX 8 для палётаў у Азію. У хуткім часе аналагічны дазвол атрымала і арабская авіякампанія FlyDubai, якая менавіта на «максах» здзяйсняе рэйсы з ААЭ у Мінск праз РФ (пры гэтым у гарады РФ яны лётаюць не на «максах»).

Тым не менш увесну 2023 года быў невялікі перыяд, калі Southwind дазволілі лётаць у РФ з Турцыі на Boeing 737 MAX 8, але следам улады ЗША заблакавалі магчымасць для турэцкай авіякампаніі Southwind Airlines выконваць рэйсы ў Расею на амерыканскіх самалётах Boeing 737 MAX і кампанія падпарадкавалася гэтым патрабаванням. Працягнуўшы, аднак, лятаць з Турцыі ў РФ на іншых мадэлях самалётаў.

Рэйсы ў Маскву і Санкт-Пецярбург авіякампанія Southwind здзяйсняе па кароткім еўрапейскім маршруце. Непасрэдна ў Маскву іх самалёты лятаюць з захаду праз тэрыторыю Беларусі (2S1001 і 2S2001), аналагічна таму, як гэта робіць Turkish Airlines.

Глядзіце таксама

Палёты ў Мінск — ёсць пытанні

Характэрна, што і анансаваная палётная праграма Стамбул – Мінск у Southwind запланаваная на самалётах Boeing 737 MAX 8. Першы рэйс 2S625 у Мінск адбудзецца 15 снежня і ўначы 16 снежня 2S626 назад менавіта на адным з «максаў». Потым з 20 снежня частата палётаў павысіцца і дадатковыя рэйсы таксама будуць выконвацца самалётамі серыі MAX.

І тут узнікае пытанне: на якіх умовах Southwind Airlines атрымала дазвол на палёты для «максаў»?

Улічваючы, што з 3 снежня 2023 года Белаэранавігацыя з мэтай «абароны нацыянальных інтарэсаў» увяла забарону самалётам, якія заходзяць у паветраную прастору Беларусі з боку Латвіі, Літвы і Польшчы, здзяйсняць пасадку ў Беларусі без спецдазволу МЗС РБ. А ў Расіі працягвае дзейнічаць выбарачную забарону на эксплуатацыю ў паветранай прасторы РФ мадэляў Boeing 737 MAX.

Тут важна памятаць, што ў Беларусі ёсць свой дзяржманапаліст у галіне авіяперавозак, у якога нягледзячы на санкцыі дзейнічае ўласная палётная праграма на маршруце Мінск – Стамбул. Рэйсы Belavia B2783 і B2785 выконваюцца штодня і вымушана ляцяць амаль у два разы даўжэй праз РФ, чым гэта зможа рабіць Southwind у выпадку палётаў праз Еўропу (5 гадзін супраць 3 гадзіны).

Гэта відавочным чынам уплывае і на выдаткі авіякампаніі, і на коштаўтварэнне. На сайце Southwind Airlines заяўлены кошт палёту ў адзін бок ад 5000 турэцкіх лір (прыкладна $172).

Belavia ж па аналагічным маршруце ў той жа дзень просіць ад 213 долараў.

Цікава, што пра гэтыя планы думаюць рэгулятары ў ЗША, а таксама ўлады Літвы і Польшчы?

Нагадаем, што Turkish Airlines не лятаюць у Беларусь (толькі транзіт), у тым ліку з прычыны санкцый. Да пачатку палётаў Southwind у РБ засталося чакаць нядоўга. Паглядзім, на чым менавіта і з якога боку яны прыляцяць да нас па факце.

І ці не зʼяўляецца свежая, і, на першы погляд нелагічная, забарона Белаэранавігацыі своеасаблівым спосабам абараніць кошты Belavia і ўставіць палкі ў колы Southwind?