У Баранавічах прайшлі ператрусы

Праваабаронцам стала вядома пра некалькі ператрусаў у раней асуджаных за абразу загінулага падпалкоўніка міліцыі Аляксея Гецьмана ў Баранавічах.

nashkraj.bу

nashkraj.bу

Як раней паведамлялі СМІ, падпалкоўнік ГАУС Аляксей Гецьман атрымаў несумяшчальную з жыццём траўму, нырнуўшы і ўдарыўшыся галавою аб дно.
Праваабаронцам стала вядома пра некалькі ператрусаў у людзей, якіх раней асудзілі за абразу Гецьмана. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, навіну пра смерць міліцыянта актыўна каментавалі ў мясцовых чатах. Верагодна, сілавікі правяраюць, ці не пакідалі з гэтай нагоды «няправільных» каментароў людзі, якіх раней ужо асудзілі за абразу міліцыянта.
Пасля ператрусаў людзей завезлі ў міліцыю, але потым адпусцілі.
Таксама вядома, што ў горадзе апошнія дні адбываюцца і іншыя «палітычныя» ператрусы ў мясцовых жыхароў.
Раней паведамлялася пра масавыя затрыманні за каментары аб загінулым баранавіцкім міліцыянеры. Было вядома пра як мінімум пецярых затрыманых мужчын — у праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся «пакаяльныя відэа» з імі. Іх абвінавачвалі ў абразе загінулага сілавіка. У тэлеграм-каналах сцвярджалася, што дзеянні затрыманых кваліфікуюцца па арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»). Пакаранне па ёй прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У роліку затрыманыя прызнаваліся ва «ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах» 2020 года, падпісцы на «экстрэмісцкія тэлеканалы», рэгістрацыі ў чат-боце «Перамога», а таксама «негатыўных каментарах» на адрас міліцыянтаў — у тым ліку пра загінулага супрацоўніка МУС, імя якога не называлася.