У Беларусі хочуць завочна асуджаць апазіцыянераў, якія выехалі з краіны

У Беларусі прапанавана ўнесці папраўкі ў заканадаўства, з тым, каб завочна выносіць прысуд у крымінальных справах апазіцыянераў, якія пакінулі краіну, заявіў у эфіры тэлеканала СТВ у нядзелю дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

Беларусы Адэсы, ілюстрацыйнае фота

Беларусы Адэсы, ілюстрацыйнае фота


«Недагляд у крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ў нашай краіне, напэўна, быў. Прынцып непазбежнасці крымінальнага пакарання за ўчыненае злачынства не выконваўся. Учыніў тут злачынства, з'ехаў і спакойна жыве. Нават на запыт праваахоўнага блоку па палітычных матывах іх не выдаюць. Тым не менш, прапануецца ўнесці папраўкі ў закон, каб была магчымасць у краіне прыцягваць да крымінальнай адказнасці, гэта значыць асудзіць. Суд завочна прысудзіць тое або іншае пакаранне ў залежнасці ад цяжкасці правіны», — сказаў Вальфовіч.
«Вядома, ён будзе заставацца за мяжой, вядома, яго не выдадуць. Але тое, што яму прысуджана, напрыклад, два, тры гады пазбаўлення волі або іншы тэрмін, які вызначыць суд, гэта будзе накладваць пэўны адбітак», — прадоўжыў Вальфовіч.
Паводле яго, ініцыятыву Следчага камітэта падтрымаў Вярхоўны суд і Генеральная пракуратура РБ.
«Але пытанне вельмі складанае, сур’ёзнае. Прапануецца гэтае пытанне разгледзець на найбліжэйшым пасяджэнні Савета бяспекі. Члены Савета бяспекі будуць дакладваць кіраўніку дзяржавы, які як старшыня Савета бяспекі выкажацца наконт гэтага. Спадзяюся, што кіраўнік дзяржавы падтрымае», — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Радыё Свабода