У Генадзя Фядыніча ў СІЗА пагоршыўся стан здароўя
Былога кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, як і іншых яго калег, трымаюць у СІЗА на Валадарскага, хаця першапачаткова ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, паведамляе «Народная Воля».

У СІЗА на Валадарскага пераведзены і лідар аршанскага
незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Бераснеў. Дакладнай інфармацыі пра тое, што
інкрымінуюць прафсаюзным актывістам, няма. Паводле папярэдняй неафіцыйнай
інфармацыі, іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (арт.361.1
Крымінальнага кодэкса). Па гэтым артыкуле ім пагражае да дзесяці гадоў
пазбаўлення волі.
Калегі арыштаваных прафсаюзных актывістаў расказалі, што ў
Генадзя Фядыніча ў СІЗА абвастрыліся праблемы са здароўем: з-за стрэсу ўзровень
цукру ў крыві амаль не збіваецца інсулінам.
Вядома таксама, што ў СІЗА КДБ ім не аддавалі лістоў і
перадач. Берасневу нават не перадалі акуляры.
Нагадаем: КДБ прызнаў прафсаюз РЭП экстрэмісцкім
фарміраваннем яшчэ 7 красавіка. Аднак вобыск і арышт адбыліся 19 красавіка –
адначасова ў некалькіх незалежных прафсаюзах. Цікава, што ў адрозненне ад іншых
офіс прафсаюза РЭП не апячатаны. Праўда, канверты з лістамі ад «Белэнерга»,
уваткнутыя ў дзверы, сведчаць аб тым, што супрацоўнікі ў яго не заходзяць альбо
заходзяць рэдка.