У інтэрнэце збіраюць подпісы за аказанне медыцынскай дапамогі Арцёму Баярскаму
На сайце Petitions.by апублікаваная петыцыя аб неадкладным аказанні медыцынскай дапамогі палітзняволенаму Арцёму Баярскаму.

Арцём Баярскі
У СМІ была апублікаваная інфармацыя аб тым, што 20-гадовы палітвязень Арцём Баярскі, асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, мае сур'ёзныя праблемы са здароўем. Так, у Арцёма на працягу 4-х месяцаў назіраецца бесперапынны кашаль на фоне страты нюху і падвышанай тэмпературы. Пры гэтым яму не аказваецца неабходная медыцынская дапамога.

У адпаведнасці з заканадаўствам аўтары петыцыі патрабуюць:
- неадкладна прыняць меры па забеспячэнні належнага медыцынскага абследавання Арцёма Баярскага, і аказаць яму належную медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах;
- забяспечыць правядзенне належнага медыцынскага агляду асоб, якія ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі, і правядзення добраахвотнай вакцынацыі супраць COVID-19 па медыцынскіх паказаннях для прадухілення распаўсюджвання віруснай інфекцыі.