У Вільні асудзілі беларуса за напад на беларускую амбасаду, але пакаранне ён паспеў адбыць

Мацвея Бяляя асудзілі з напад на амбасаду Беларусі ў Вільні. Па другім абвінавачанні, звязаным са спробай уцячы з-пад арышту, грамадзяніна Беларусі апраўдалі. Пасьля выхаду на волю ён даведаўся, што прызначаны суд аб ягонай дэпартацыі з прычыны «пагрозы для нацыянальнай бяспекі Літвы».

Мацвей Бяляй, 2023 год. 

Мацвей Бяляй, 2023 год. 

Віленскі гарадзкі акруговы суд прызнаў вінаватым грамадзяніна Беларусі Мацьвея Бяляя ў нападзе на амбасаду Беларусі 20 красавіка 2023 году і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на 11 месяцаў з накіраваньнем на папраўчыя работы ва ўстановах аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўваньня або ў недзяржаўных арганізацыях, якія займаюцца апекай старых людзей або інвалідаў, піша «Свабода».

У той жа час, як адзначаецца ў судовым рашэньні, суд залічыў у пакараньне знаходжаньне Мацьвея Бяляя пад вартай у часе дасудовага расьсьледаваньня.

«Згодна з артыкулам 66 Крымінальнага кодэксу Літоўскай Рэспублікі, у прызначанае пакараньне ўключыць час часовага затрыманьня і знаходжаньня пад вартай з 20 красавіка да 18 кастрычніка 2023 году, прыраўняць адзін дзень часовага затрыманьня і арышту да двух дзён абмежаваньня волі і лічыць, што Мацьвей Бяляй адбыў пакараньне», — адзначаецца ў рашэньні суда.

Суд прызнаў, што дзеяньні Мацьвея Бяляя не прывялі да маштабнай шкоды маёмасьці беларускай амбасады.

Па другім абвінавачаньні, зьвязаным са спробай уцячы з-пад арышту (ч. 1 артыкулу 22 і ч. 1 артыкулу 241 Крымінальнага кодэксу Літвы), грамадзяніна Беларусі апраўдалі, бо не знайшлі дастатковых доказаў інкрымінаванага яму злачынства. Суд зьвярнуў увагу на тое, што канваіры адключалі відэарэгістратар, таму няма поўнага запісу ў часе знаходжаньня беларуса ў лякарні, зь якой ён нібыта спрабаваў уцячы.

Паводле абвінавачаньня ў нападзе на амбасаду беларусу пагражаў арышт або пазбаўленьне волі на 5 гадоў, а паводле абвінавачаньня ў спробе ўцёкаў — арышт або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

«Я буду абскарджваць гэты вырак. Мне нават не далі яго пераклад. Абскардзіць я магу цягам 20 дзён пасьля атрыманьня перакладу», — паведаміў «Свабодзе» Мацьвей Бяляй.

Справа аб дэпартацыі яшчэ разглядаецца

Паводле Бяляя, 31 студзеня 2024 году Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы разглядае ягоную апэляцыю на рашэньне суду першай інстанцыі аб дэпартацыі з прычыны таго, што ён стварае «пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы». Абвяшчэньне рашэньня па выніках разгляду адбудзецца 7 лютага.

Мацьвей Бяляй адседзеў паўгода ў сьледчым ізалятары, а пасьля выхаду на волю ён даведаўся аб прызначэньні іншага судовага пасяджэньня ў пытаньні аб ягонай дэпартацыі.

У Міграцыйным дэпартамэнце Літвы, куды «Свабода» зьвярталася па камэнтар з нагоды пазбаўленьня Мацьвея Бяляя прытулку і магчымай дэпартацыі, адмовіліся паведамляць падрабязнасьці гэтай справы.

У 2022 годзе ён атрымаў пяцігадовы дазвол на жыхарства ў Літве і статус уцекача, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам у сфэры будаўніцтва.

У справе аб нападзе на амбасаду Беларусі суд вынес вырак 15 студзеня 2024 году.

Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі Бяляя ў справах у Беларусі

24 студзеня 2024 году шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з супольнай заявай, у якой патрабавалі рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў.

«Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакараньне за ажыцьцяўленьне свабоды выказваньня думак былі пазбаўленыя волі: зьмешчаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўленьня або абмежаваньня волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампэнсацыі нанесенай шкоды: Павал Голаў, Захар Яноўскі, Мацьвей Бяляй, Дзьмітры Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандар Федарук, Улад Манюк», — адзначалася ў заяве праваабаронцаў.

Мацьвей Бяляй раней паведамляў «Свабодзе», што ў 2021 годзе яго затрымалі і памясьцілі ў жодзінскі ізалятар за тое, што спрабаваў усталяваць на дзьвярах будынку ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разьбіў там шкло малатком. Праз паўгода ён выйшаў з ізалятара і ўцёк — спачатку ў Маскву, там атрымаў гуманітарную візу ў Польшчу. Ён шукаў дапамогу, каб трапіць ва Ўкраіну, але ў выніку вымушаны быў незаконна перабірацца празь Дзісну ў Літву.

«Цяпер у Беларусі праводзяць вобшукі — у бацькі, у сястры, выклікаюць на допыт усіх маіх сваякоў, сяброў, а колішнюю жонку, зь якой мы маем сына, звольнілі з працы за падтрыманьне са мной сувязі. Цяпер ужо датычна мяне нібыта завялі справу аб экстрэмізьме. Сьледзтва вядзе Барысаўскі сьледчы камітэт», — расказваў Мацьвей Бяляй у кастрычніку 2023 году.

У 2020 годзе Мацьвей Бяляй працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. Бяляя ў жніўні 2020 году затрымлівалі ў Віцебску. У 2010 годзе працаваў каардынатарам і зьбіраў подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ўдзельнічаў у падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску.