У Жлобіне зафіксаваны выпадак захворвання на адзёр

Гэта першы выпадак у Гомельскай вобласці. Небяспечнае інфекцыйнае захворванне выяўлена ў 35-гадовага жыхара Жлобіна, які вярнуўся днямі з Адэсы.

00fc266bfe6157971fd9977fe4af9685_7w5fm_logo_1.jpg


Хворы знаходзіцца пад наглядам лекараў у Гомельскай інфекцыйнай бальніцы, паведамілі tut.by у Жлобінскай ЦРБ. Яго стан ацэньваецца як стабільны. Жыццю хвароба не пагражае.
Праводзіцца медыцынскае назіранне за людзьмі, кантактавалі з хворымі. На сённяшні дзень усе яны здаровыя.
Першыя выпадкі адру былі зафіксаваныя ў Ваўкавыску ў канцы лютага.
На 15 сакавіка, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, было лабараторна пацверджана 24 выпадкі адру.
Як паведамілі медыкі, захворванне ў большасці выпадкаў выявілі ў тых, хто не быў прышчэплены.
Нагадаем, у канцы мінулага года і пачатку гэтага ўспышка адру была ва Украіне і Еўропе. Медыкі звязваюць іх з нізкім ахопам прафілактычнымі прышчэпкамі. У Міністэрстве аховы здароўя прасілі беларусаў, якія плануюць ехаць у Еўропу ці Украіну, удакладніць у паліклініках, ці рабілі ім прышчэпкі ад гэтага захворвання.
Нацыянальны каляндар прадугледжвае прафілактычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забяспечваюць менавіта дзве прышчэпкі. Калі звестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну, тады варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазьней як за месяц да паездкі.
Медыкі раяць неадкладна звяртацца да лекара, калі пасля вяртання з-за мяжы павысілася тэмпература, з'явіліся сып, болі ў горле, кашаль, запаленне слізістай вачэй. Падчас кансультацыі трэба сказаць лекару, што нядаўна вярнуліся з іншай краіны.
Паводле «Нашай Нівы»