У знак пратэсту супраць вайны: шматдзетная маці вярнула Лукашэнку ордэн Маці

Украінка Алена Якавішына вярнула ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі ордэн Маці, якім яе ўзнагародзілі ў 2019 годзе.

mama_6_04.jpg


У Алены сямёра дзяцей. Разам з ордэнам яна адправіла Лукашэнку ліст, у якім напісала, што ўдзячная «беларускай зямлі і выдатнаму беларускаму народу за гасціннасць і падтрымку, за дабро і клопат, якія знаходзіла тут усе гэтыя гады», піша Еўрарадыё.

Разам з тым ёй незразумелая пазіцыя кіраўніцтва Беларусі. У яе краіне вайна, а кіраўнік суседняй дзяржавы не толькі не асудзіў дзеянні агрэсара, але і аказвае яму падтрымку — і палітычную, і ваенную. Беларусь дае сваю тэрыторыю для размяшчэння і ўварвання на тэрыторыю Украіны расійскіх войскаў, адсюль ажыццяўляюцца пускі «смяротных ракет па маім народзе, мірных гарадах», напісала Якавішына ў звароце да Лукашэнкі.

Алена Якавішына — грамадзянка Украіны, але пастаянна жыве ў Беларусі. Яна родам з Мікалаева, скончыла Кіеўскі нацыянальны універсітэт тэхналогіі і дызайну. У 17 гадоў прыехала ў госці ў Мінск, дзе пазнаёмілася з будучым мужам Юрыем. Юрый раней быў вайскоўцам — абслугоўваў авіяцыйную тэхніку ў Мачулішчах. З 2006 года працуе ў грамадзянскай авіяцыі.