Міліцыя, КДБ, іншыя рэпрэсіўныя інстытуты — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі
На нядаўняй нарадзе з сілавікамі Лукашэнка заўважыў: маўляў, лішніх грошай на пашырэнне штату і павелічэнне выдаткаў для ваенных і сілавых ведамстваў няма, і калі «можна пацярпець», то трэба пацярпець.
Тым не менш, па выніках мерапрыемства міністр ўнутраных спраў Іван Кубракоў, спаслаўшыся на «жыццёвую неабходнасць», анансаваў стварэнне спецпадраздзяленняў у АМАП і ўнутраных войсках, якія будуць мабільнымі і гатовымі дзейнічаць у любой мясцовасці.
Апроч таго, Кубракоў расказаў, што плануецца адкрыццё ліцэяў
МУС для «падрыхтоўкі кадраў» ва ўсіх рэгіёнах краіны (у 2024 годзе такая
ўстанова ўжо будзе працаваць у Магілёве), а таксама што інтэрнет-разведка сілавікоў выяўляе беларусаў,
хто «плануе здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні».
Аб тым, чаму на міліцыю і армію ўлады грошай не шкадуюць, і
да чаго вядзе падобная «сілавізацыя» грамадства, «Филин» пагутарыў з палітолагам
Валерыем Карбалевічам.
— З аднаго боку, трэнд лагічны і зразумелы: узмацненне рэпрэсій і татальны кантроль за грамадствам. З другога ж, незразумела, пра якую «жыццёвую неабходнасць» гаворыць міністр, калі ўлады старанна імітуюць стабільнасць і кантроль сітуацыі? На ваш погляд, як сілавікам удалося пераканаць Лукашэнку выдзеліць грошы на далейшае ўмацаванне і пашырэнне МУС?
— Думаю, што асабліва ўгаворваць Лукашэнку не давялося, ён і
сам гатовы найперш падтрымліваць любыя сілавыя структуры. Міліцыя, КДБ, іншыя
рэпрэсіўныя інстытуты — гэта прыярытэт дзяржаўнай палітыкі сёння ў Беларусі.
Таму грошай можа не хапіць настаўнікам, дактарам ці яшчэ камусьці, а вось на
міліцыянтаў заўсёды яны будуць.
Іншая справа, што, верагодна, сілавікі, карыстаючыся сваім
прывілеяваным становішчам, просяць зашмат і праяўляюць нейкія завышаныя
патрабаванні. Таму, мабыць, і прагучала рэпліка пра «пацярпець, калі магчыма»,
але я б не стаў надаваць ёй вялікай увагі.
— Ці можа згода Лукашэнкі сведчыць аб тым, што для яго
падтрымка сілавікоў — сапраўды «жыццёвая неабходнасць», што ўжо не ён кантралюе
сітуацыю?
— З гэтым я не згодны. Лукашэнка захаваў персаналісцкі рэжым, які не змяніў сваю прыроду і не стаў алігархічным. Так, сілавікі павысілі сваю ролю адносна народу, сталі ад яго канчаткова незалежнымі і ў прынцыпе атрымалі ад Лукашэнкі права рабіць з гэтым народам усё, што захочуць. У гэтым плане іх паўнамоцтвы расшырыліся. Што да той улады, якой валодаў Лукашэнка — яе ён нікому не аддаў, захаваўшы пры сабе, і кіраўнікі сілавых структураў сёння толькі інструменты ў ягоных руках.
Звярніце ўвагу — за два гады пасля пратэстаў Лукашэнка
памяняў практычна ўсіх кіраўнікоў сілавых структур; гэта азначае, што ніякага
карпаратыўнага механізму абароны сваіх інтарэсаў у саміх сілавікоў не існуе.
— На вашу думку, да чаго прывядзе ўсё большая «сілавізацыя»
грамадства, у тым ліку падрыхтоўка кадраў фактычна з дзіцячага ўзросту,
татальнае сачэнне ў інтэрнэце, інтэрнет-выведка, якая пераследуе ўжо і за намер?
— Можна зразумець, чаго хоча Лукашэнка: ён хоча
забальзамаваць гэты рэжым навечна. І пашырэнне таго ж ліцэю МУС, калі вучняў
гатуюць на міліцыянтаў яшчэ з дзяцінства, менавіта пра гэта сведчыць.
Гэта класічны варыянт пераходу аўтарытарнага рэжыму ў
таталітарны, як апісана ў падручніках. А ў таталітарным рэжыме сілавыя
структуры маюць зусім іншую ролю: у аўтарытарным рэжыме гвалт — дадатковая
функцыя, у таталітарным — асноўная.
Роля сілавых структур, безумоўна, узрастае, і на аўтамаце
рэпрэсіі, тэрор рэжыму становяцца значна большымі, і гэта працуе аўтаматычна,
ужо ў руцінным рэжыме.
— Мы ўжо жывем у Оруэле, альбо толькі падыходзім да гэтай
рэальнасці?
— Гэту
публіцыстычную карціну цяпер можна прымяніць да чаго заўгодна: паглядзіце, што
робіцца з расійскім грамадствам, калі чорнае называюць белым, вайну — мірам, і
гэтак далей. У любых недэмакратычных рэжымах можна знайсці прыкметы Оруэла.