Відавочцы паведамляюць пра збітых дэманстрантаў, якіх забралі з аддзялення міліцыі ў БХМД

У Маскоўскім РУУС Мінску знаходзяцца каля 40 чалавек, якіх затрымалі на акцыях пратэсту. З іх 8–10 чалавек маюць сур'ёзныя траўмы. За імі прыбылі машыны хуткай дапамогі.

photo_2020_10_11_20_30_08.jpg


Пра гэта паведамляе TUT.BY і спасылаецца на інфармацыю ад чытачоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у дастаўленых у РУУС падазрэнні на чэрапна-мазгавыя траўмы сярэдняй ступені, закрыты пералом рэбраў, пералом костак правай і левай кісці, пералом ключыцы.

Пацярпелых вязуць у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД).

Паводле слоў пацярпелых, іх моцна збілі ў мікрааўтобусе: "Незразумела, што хацелі, не задавалі пытанняў, проста білі".

На акцыях пратэсту ў Беларусі да 23.40 затрымалі 458 чалавек. Пра гэта паведамляе незарэгістраваны Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Большасць з затрыманых былі ўзятыя пад варту ў Мінску, астатнія — у Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Жлобіне, Кобрыне, Магілёве, Маладзечне, Салігорску.

Сярод затрыманых 43 чалавекі з'яўляюцца журналістамі і фатографамі.

 Паводле tut.by