Вольга Гарбунова захварэла ў СІЗА

Палітзняволеная Вольга Гарбунова захварэла ў СІЗА, але, паводле наяўнай інфармацыі, ёй не аказваюць медыцынскую дапамогу. Пра гэта расказала яе сяброўка Вольга Ланеўская.

Вольга Гарбунова, фота з сацыяльных сетак

Вольга Гарбунова, фота з сацыяльных сетак


«Воля хварэе, і яе (і не толькі яе) на Валадарцы не лечаць. Моцна кашляе, баліць горла, з носа цячэ», — напісала Ланеўская ў Facebook.
У каментары Reform.by яна дадала, што ў цэлым Гарбунова трымаецца бадзёра, але хвалюецца за ўсіх блізкіх, якія знаходзяцца ў Беларусі. Лісты ёй даходзяць не ўсе. Ланеўская заклікала падтрымаць Вольгу і пісаць ёй больш.


Вольга Гарбунова — актывістка ў сферы гендарнага раўнапраўя, раней кіравала арганізацыяй «Радзіслава», якая дапамагала жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. Вольгу затрымалі 9 лістапада. Амаль два тыдні яна трымала галадоўку ў знак пратэсту. Праз 10 дзён яе перавялі з Акрэсціна ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску. На дадзены момант ёй прад'яўлена абвінавачанне па двух артыкулах: ч. 1, 2 і 3 арт. 293 КК аб масавых беспарадках і ч. 1 і 2 арт. 342 КК аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Гарбуновай пагражае да 15 гадоў калоніі.
Актывістку прызналі палітзняволенай. У час яе знаходжання за кратамі ў Вольгі памёр бацька.
Праз 10 дзён у палітзняволенай заканчваецца двухмесячны тэрмін арышту, пасля якога прад'явяць канчатковае абвінавачанне або падоўжаць арышт яшчэ на некалькі месяцаў.