За параўнанне дырэктаркі школы з нацысткай блогера чакае суд
Як паведамляе Радыё Свабода,
дырэктарка сярэдняй школы № 3 Гомеля Ніна Старажэнка ў заяве ў міліцыю
вінаваціць мясцовага блогера ў знявазе гонару і годнасці.

Арцём Шапораў
У застаўцы да YouTube-відэа пра шматдзетную сям’ю блогер Арцем Шапораў зрабіў фотакалаж: «адзеў» дырэктарку школы ў чорную нацысцкую ўніформу. Тым часам школа № 3 носіць імя Героя Савецкага Саюзу Дзмітрыя Пенязькова.
«У мяне не было намераў кагосьці абразіць, непажаданыя сымбалі ў застаўцы зафарбаваныя. Як аўтар я меўся паказаць праз аватарку сутнасць таго, што вакол нас адбываецца», — сказаў Свабодзе Арцём Шапараў.
У відэасюжэце блогер расказаў гісторыю шматдзетнай маці і яе чатырох дзяцей-школьнікаў. Дзве дачкі Антаніны Шайнюк вучацца ў СШ № 3.
Чытайце таксама:
У Гомелі сям'ю хочуць паставіць на ўлік за тое, што дзеці даглядаюць за хворым сабакам

Дырэктарка школы Ніна Старажэнка папярэджвала Антаніну Шайнюк, што прышле камісію, каб сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна ненадзейную. Прычына, названая педагогам: несвоечасовая аплата камунальных плацяжоў, беспарадак, абадраныя шпалеры, той факт што дачок Антаніны часьцяком даглядае бабуля, а таксама непрыемныя пахі ад сабакі, якога "трэба ўсыпіць".
Антаніна Шайнюк, у сваю чаргу, кажа, што бяз мужа, які заўчасна памёр, ёй няпроста гадаваць дзяцей. Шпалеры яе турбуюць мала яна лічыць, што дзяцей найперш «трэба накарміць, адзець, выхаваць у дабрыні і шчырасці».
«Так, я сапраўды напісала заяву ў міліцыю, бо блогер мяне абразіў гэтай уніформай», — пацвердзіла Ніна Старажэнка.
Участковы Савецкага райаддзелу міліцыі склаў на блогера Шапарава адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.10 КаАП — прапаганда і (ці) публічнае дэманстраванне, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сымболікі альбо атрыбутыкі. Пратакол накіраваны ў суд. Артыкулам прадугледжана пакаранне — штраф да 10 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт.
Дата суда пакуль невядомая.