Затрыманых гродзенскіх актывістаў аштрафавалі за акцыю супраць інтэграцыі і адпусцілі
Чатыром гродзенскім актывістам, якіх затрымалі 20 снежня, далі штрафы і адпусцілі, паведамляе «Свабода».
![Вадзім Саранчукоў на акцыі ў Гродне супраць інтэграцыі з Расіяй, 15 снежня 2019 года. Фота www.svaboda.org Вадзім Саранчукоў на акцыі ў Гродне супраць інтэграцыі з Расіяй, 15 снежня 2019 года. Фота www.svaboda.org](/img/v1/images/d8252f12_b379_4c0e_97d0_2f20f9f5682b_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вадзім Саранчукоў на акцыі ў Гродне супраць інтэграцыі з Расіяй, 15 снежня 2019 года. Фота www.svaboda.org
Іх асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі за незалежнасць Беларусі, якую ладзілі ў Гродне 15 снежня, паведаміў Свабодзе намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
У выніку судоў актывісты атрымалі наступныя штрафы:
Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ, экс-кандыдат у дэпутаты, — 765 рублёў;
Сяргей Верамеенка, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, — 637,5 рублёў;
Ежы Грыгенча, гродзенскі актывіст, — 255 рублёў;
Уладзімер Арцыман, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, — 255 рублёў.
Акцыя за незалежнасць Беларусі прайшла ў Гродне 15 снежня. Падчас акцыі грўдзенцы ўзяліся за рукі, утварыўшы ланцуг уздоўж старога мосту цераз Нёман. У канцы не дазволенай уладамі акцыі яе ўдзельнікі пусцілі на ваду «плыт у Пецярбург» з рэзалюцыяй супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. У акцыі ўдзельнічалі каля ста чалавек.
Перад акцыяй апазіцыі за незалежнасць Беларусі, запланаванай на 20 снежня ў цэнтры Мінску, міліцыя затрымала некалькі актывістаў, дзясяткі чалавек атрымалі папярэджанні аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах.
20 снежня ў Санкт-Пецярбргу прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна аб паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй.