«Злучаныя Штаты ніколі не прызнаюць расійскую анексію Крыма». Байдэн сустрэўся з Зяленскім
«Цяпер сувязі Злучаных Штатаў з Украінай мацнейшыя, чым калі б там ні было», — гаворыцца у заяве Белага дома па выніках сустрэчы двух прэзідэнтаў, паведамляе ВВС
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі правялі перамовы ў Вашынгтоне. Падчас сустрэчы ў Белым доме Байдэн запэўніў свайго госця, што Злучаныя Штаты будуць і надалей падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а таксама працягнуць аказваць Кіеву дапамогу ў забеспячэнні бяспекі краіны.
«Злучаныя Штаты па-ранейшаму цвёрда падтрымліваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны перад расійскай агрэсіяй», — заявіў прэзідэнт ЗША ў пачатку перамоваў.
Сустрэча лідараў дзвюх краін працягвалася крыху больш за дзве гадзіны.
Па выніках саміту на сайце Белага дома з'явілася сумесная заява лідараў ЗША і Украіны. Пры гэтым, падчас перамоваў і Байдэн і Зяленскі не сталі размаўляць з журналістамі. Сумеснай прэс-канферэнцыі, якой звычайна завяршаюць сустрэчы на вышэйшым узроўні, таксама не было.
У апублікаванай на сайце Белага дома сумеснай заяве сцвярджаецца, што цяпер сувязі Злучаных Штатаў з Украінай мацнейшыя, чым калі б там ні было.
Крым і Данбас
У тэксце заявы асабліва падкрэсліваецца, што ЗША падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і гатовыя разам з кіеўскімі ўладамі працягваць працу па прыцягненні Расіі да адказнасці за агрэсію ў дачыненні да незалежнай і суверэннай дзяржавы.
Па выніках перамоваў прэзідэнты дзвюх краін нагадалі, што дзеянні Расіі на ўсходзе Украіны і анексія Крыма прывялі да гібелі 14 тысяч чалавек, дэстабілізавалі сітуацыю ў Еўропе і Чарнаморскім рэгіёне, а таксама стварылі пагрозу для глабальнай бяспекі.
«Злучаныя Штаты не прызнаюць і ніколі не прызнаюць расійскую анексію Крыма і пацвярджаюць сваю прыхільнасць міжнародным намаганням... па вырашэнні ініцыяванага Расіяй канфлікту на ўсходзе Украіны», — гаворыцца ў дакуменце.