Жыхары Слоніма просяць у райвыканкаме дазвол на катанне на санках

Так параілі супрацоўнікі міліцыі, якія ў пятніцу затрымалі маладых людзей, што каталіся з горкі.



a_mozha_tak_i_treba.jpg

Праваахоўнікі палічылі, што хлопцы зладзілі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Усё адбылося ў адным з мікрараёнаў. Тут знаходзіцца высокая горка, якая ўзімку нязменна прыцягвае дзяцей і моладзь. Некалькі маладых людзей вырашылі весела правесці час, заадно падключыць да зімовых забаў сваіх сяброў і знаёмых. Для гэтага яны стварылі Вконтакте суполку, дзе і запрашалі ўсіх жадаючых гараджан пакатацца з горкі разам з імі. Але ці то час быў абраны няўдала, ці то мясцовыя жыхары не падзялілі энтузіязму маладых сланімчан, але на горцы было ўсяго тры чалавекі. Затое да месца катання нечакана прыехала міліцыя. Усё, што адбывалася, яны нейкі час здымалі на відэа, а потым падышлі да маладых людзей.
- Нягледзячы на тое, што нас усяго было трое, мы радаваліся добраму зімоваму дню. Проста каталіся з горкі і нават не маглі ўявіць, што ўсё скончыцца ў мясцовым РАУС. Праз 1,5 гадзіны нашага бесклапотнага актыўнага адпачынку да нас падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі праехаць разам з імі ў пастарунак. Мы, вядома, здзівіліся, але спрачацца не сталі. На працягу гадзіны на нас складалі пратаколы аб спробе арганізаваць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якая нібыта мела месца. Пасля чаго нас адпусцілі, - распавёў адзін з удзельнікаў катання Кірыл.
У Слонімскім РАУС патлумачылі толькі тое, што на дадзены момант праводзіцца праверка таго, што здарылася і таго, ці ёсць у дзеяннях маладых людзей склад адміністрацыйнага правапарушэння.
Удзельнікі катанняў спадзяюцца на ўдалы фінал справы і маюць намер у бліжэйшы час арганізаваць сярод сланімчан яшчэ адно такое ж катанне з горкі. Праўда, на гэты раз, па парадзе работнікаў міліцыі, яны папярэдне прыйдуць у мясцовы райвыканкам, каб пакінуць там заяўку на правядзенне катання на санках.

kp.by