Брэсцкія ўлады падзяліліся прэміяй з «несваімі» пісьменнікамі

Літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка была падзеленая сёлета паміж прадстаўнікамі праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі і «няправільнага» Саюза Беларускіх пісьменнікаў.

Лаўрэаты прэміі імя Уладзіміра Калесніка браты В. і А. Дэбішы.

Лаўрэаты прэміі імя Уладзіміра Калесніка браты В. і А. Дэбішы.

У намінацыі «Паэзія» прэмію падзяліў з «афіцыйным» паэтам Уладзімір Лебедзеў (за зборнік вершаў «Росная трава»), у намінацыі «Літаратура для дзяцей і юнацтва» журы аддало палову лаўрэацтва братам-блізнюкам Васілю і Анатолю Дэбішам (за кнігу вершаў «Пушчанскія дзівы»).
Урачыстае ўручэнне прэмій адбылося 26 лістапада ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ганаровыя дыпломы ўручалі прадстаўнікі аблвыканкама. Імпрэза мела годнае музычнае абрамленне: з беларускамоўнай праграмай выступілі маладыя салісты і гурты.
Уладзімір Андрэевіч Калеснік, партызан у часы вайны з гітлераўскай Германіяй, пасля вайны бальшыню гадоў свайго жыцця прысвяціў Брэсцкаму педагагічнаму інстытуту. Ён давучваў выгнанага з БДУ за патрабаванне весці на філалагічным факультэце выкладанне на беларускай мове паэта Алеся Разанава, быў адным з першых прафесараў створанага на базе педінстытута ўніверсітэта. Слынны літаратуразнаўца і літаратар-патрыёт, лаўрэат прэмій імя Якуба Коласа ды Івана Мележа, заснавальнік садружнасці літаратараў «Берасцейскае вогнішча», да якога належалі многія сябры тутэйшай суполкі СБП, улучна з сёлетнімі лаўрэатамі. Імя Калесніка носіць адна з вуліц горада. Праўда, яно прапісанае на шыльдах выключна па-руску.
Са словаў Таццяны Дземідовіч, кіраўнічкі Брэсцкага аддзялення «афіцыйнага» Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая старшынюе ў Радзе па прысуджэнні прэміі імя Уладзіміра Калесніка, лаўрэацтва даціруецца сумай у 50 базавых велічынь. Калі пераможцаў некалькі, сума дзеліцца ў прапорцыі. Прэмія існуе 12 гадоў, прысуджалася 9 разоў. Апошнім часам прысуджаецца раз у два гады.
Фота аўтара