Лявон Вольскі і гурт J:МОРС адправяцца ў гастрольны тур у ЗША
Разам з імі за акіян паедзе журналіст Зміцер Лукашук, які будзе не толькі весці канцэрты, але і прэзентуе там сваю кнігу «Нацыянальная ідэя», піша БАЖ.
У верасні і лістападзе Лявон Вольскі, гурт J:МОРС і журналіст Зміцер Лукашук наведаюць пяць амерыканскіх гарадоў — Нью-Ёрк, Філадэльфію, Чыкага, Сан-Францыска, Лос-Анджэлес.
Каментуючы гэты тур, Лявон Вольскі прыгадаў выраз «Калі
гавораць гарматы, музы маўчаць» і запярэчыў яму:
— Цяпер, калі Расія развязала вайну і ўцягнула ў яе
дыктатарскі і марыянетачны рэжым Лукашэнкі, мы мусім казаць праўду пра гэтую
вайну, мусім змагацца за перамогу і працягваць дапамагаць украінскаму народу.
Таму што гэтая вайна — гэта сапраўднае змаганне «за нашу і вашу
Свабоду». Вызваліцца Украіна ад расійскае навалы — вызваліцца й Беларусь
ад дыктатарскіх кайданоў.
Нагадаем, што большасць беларускіх музыкаў падчас падзей 2020 года падтрымала перамены, праз што сутыкнулася з рэпрэсіямі і цяпер вымушана працаваць у эміграцыі.