Пэтсан і Фіндус — найлепшы падарунак для дзетак і бацькоў
Цёплыя і смешныя гісторыі пра прыгоды дзядулі Пэтсана і коціка Фіндуса, створаныя шведскім пісьменнікам і мастаком Свэнам Нурдквістам, — вядомыя і любімыя дзецьмі і іх бацькамі ў многіх краінах свету, перакладзеныя больш як на 30 моў. А цяпер дзядуля і коцік упершыню загаварылі па-беларуску дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч.
Кнігі Свэна Нурдквіста ўжо сталі класікай шведскай літаратуры, а яго незвычайныя ілюстрацыі, адначасова насычаныя колерам і дэталямі, прывабліваюць і дзетак і дарослых.
Аўтар нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу, працаваў у розныя часы архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам, але толькі маляванне цікавіла яго найбольш цягам усяго жыцця.
Распачынаецца чароўная казка так: «Нарэшце хоць крыху пацяплела! Ужо некалькі дзён было так холадна, што Пэтсан не мог носа высунуць за дзверы, нават у краму не хадзіў. У хаце няма ні кавалачка ежы, а заўтра ўжо Каляды. Трэба абавязкова набыць што-небудзь да святочнага стала, ссекчы ялінку ў лесе і прывезці яе дахаты, напячы імбірнага печыва і зрабіць яшчэ шмат чаго.
Фіндус стаяў ля дзвярэй і чакаў Пэтсана. Падстаўку пад ялінку ён ужо адшукаў.
— Пэтсан! — паклікаў Фіндус. — Хадзем ужо ў лес па ялінку!»
І тут здарылася тое, што не мусіла здарыцца — Пэтсан падвярнуў нагу. Як жа яны дойдуць да крамы, як набудуць ежы, як прынясуць з лесу ялінку?! Пра прыгоды герояў чытайце ў кнізе.
Казка «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды» пабачыла свет у адмыслова створанай серыі для дзяцей “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве “Кнігазбор”.
Ужо сёння кнігу можна набыць тут:
Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А), “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К. Маркса, 36), “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27).
А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by!
А 17 снежня ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адбудзецца прэзентацыя кнігі Свэна Нурдквіста. Галоўныя героі загавораць галасамі акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык. Чакаюцца таксама розныя перадкалядныя сюрпрызы. Запрашаем вас разам з дзеткамі! Пачатак у 18.00. Уваход вольны.