Re1ikt выпусціць зборнік найлепшых песень у незвычайных апрацоўках (відэа)

Новая версія кампазіцыі «Кабета-інсекта» ў стылі джаз адкрыла сезон праграмы Belsat Music Live.

re1ikt_photo_5.jpg

«Мой асабісты фаварыт — джаз-вэрсія "Кабеты-інсекты" ад Re1ikt. Крута, калі музыкі здольныя небанальна пераасэнсаваць сваю ж творчасьць», — напісаў у Facebook аўтар праекта Сяргей Будкін.

Кампазіцыя ўвойдзе ў зборнік «The Best», рэліз якога запланаваны на канец года. У яго будуць уключаны трэкі з чатырох альбомаў Re1ikt і нумары-сюрпрызы. Усё гэта — акустычныя версіі найлепшых песень гурта ў розных стылях — празрыстыя па гучанні і светлыя па настроі. Сярод трэкаў — пераможцы хіт-парадаў на радыё і ў Сеціве: «Брудная дзяўчына», «Lucerna», «Rana na Ivana», «Zrušany Sviet».

Цяпер Re1ikt завяршае працу над пятым студыйным альбомам, які, паводле музыкаў, стане найлепшым у іх дыскаграфіі — актуальным і сучасным. Для таго каб праект рэалізаваўся, у хуткім часе гурт абвесціць пра збор сродкаў на папулярнай беларускай краўдфандынгавай платформе.

Таксама 5 кастрычніка ў сталічным клубе «Re:Public» і 6 кастрычніка ў магілёўскім клубе «Cuba» Re1ikt выступіць у межах канцэрту «Рок за жыццё» ў падтрымку ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне.