Relikt у Кракаве — з вялікім выступам і найлепшымі песнямі
У Кракаве 4 жніўня гурт Relikt выступіць з вялікай праграмай з найлепшых песень. На «разагрэве» ў Relikt зайграе мультыінструменталіст з Украіны.
Беларускі гурт Relikt адыграе канцэрт у Кракаве 4 жніўня. Гэта будзе першы вялікі сольны выступ у Польшчы пасля пераезду з Беларусі. Адкрые імпрэзу ў Garage Pub малады ўкраінскі выканаўца Svat.
«Мы вырашылі паклікаць для сумеснага выступу выканаўцу з Украіны, бо лічым такія сустрэчы вельмі важнымі — асабліва ў гэты цяжкі час. Яднанне беларускай і ўкраінскай культуры, творцаў ды слухачоў дапамагае падтрымліваць адзін аднаго. Шмат хто быў вымушаны пакінуць Радзіму, і таму лічу канцэрт добрай нагодай, каб пазнаёміцца з новымі людзьмі, пачуць любімую музыку ды проста правесці час з сябрамі», — распавядае лідар Relikt бубнач Алесь Дземідзенка.
Svat (Уладзімір Свацьеў) вядомы кракаўскай публіцы па сольных выступах. Сам ён паходзіць з Запарожжа, а цяпер вучыцца ў Ягелонскім універсітэце і актыўна займаецца музычнымі эксперыментамі, выконвае аўтарскія творы ды каверы на ўкраінскай і англійскай мовах. Напрыканцы жніўня артыст выпускае свой дэбютны альбом «Flowers».
Relikt у Кракаве выступіць з вялікай праграмай з лепшых песень з альбомаў «Лекавыя травы», «Дрэва жыцця», «Куфар», «Рэкі прабілі лёд». А таксама ўпершыню выканае кампазіцыі з новага альбома-складанкі кавераў на беларускія рок-хіты «Byli, Jość, Budziem», які выйшаў зусім нядаўна.
Relikt — беларускі гурт, які знітоўвае цяпершчыну і мінулае, паказвае яго ў нязвыклым выглядзе і робіць актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае.
У дыскаграфіі каманды 8 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 13 відэакліпаў, музыка да фільму «У агні народжаная», а таксама гімн футбольнага клуба «Крумкачы».
Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі (Гран-пры — фестываль Jesień Bardów, Гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый — фестываль Rockowisko Hajnowka, «Альбом года», «Лепшы рок-альбом», «Артыст года» і шмат іншых, неаднаразова выступаў ва Украіне і Літве.
Паводле прэс-рэлізу