Сярэдняя Літва. Мара Люцыяна Жалігоўскага

Бальшавіцкі ўрад 12 ліпеня 1920 года заключыў пагадненне з Літоўскай Тарыбай, згодна з якім Віленскі край мусіў быць пераданы пад уладу Літоўскай рэспублікі. Аднак гэтаму не наканавана было адбыцца. Пасля перамогі палякаў пад Варшавай у жніўні таго ж года, польскае войска перайшло ў шырокамаштабны контрнаступ.

Карта Сярэдняй Літвы. Крыніца: wikiwand.com

Карта Сярэдняй Літвы. Крыніца: wikiwand.com


У канцы жніўня польскія войскі падышлі да Вільні. 7 кастрычніка была падпісана дамова, якая размяжоўвала тэрыторыі Польшчы і Літвы. У адпаведнасці з дамовай, Вільня аказвалася на літоўскім баку лініі размежавання.


Бунт літвінскага генерала

Аднак раніцай наступнага дня камандзір 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі Люцыян Жалігоўскі, ураджэнец беларускай Ашмяншчыны, аб'явіў аб сваім непадпарадкаванні польскаму вайсковаму камандаванню. Ён паведаміў сваім афіцэрам, што мае намер, насуперак загаду маршала Юзафа Пілсудскага, ісці на Вільню. У сваёй прамове ён заявіў, што робіць гэта ад імя насельніцтва Вільні і Віленскага краю і яго мэта — стварыць незалежную дзяржаву на гэтай тэрыторыі. На самай справе Жалігоўскі дзейнічаў па таемным загадзе «начальніка польскай дзяржавы», які сам паходзіў з Віленшчыны і марыў аб яе вяртанні. Але, з’яўляючыся кіраўніком дзяржавы, не мог сабе дазволіць такія авантуры.

Войскі Жалігоўскага рушылі да Вільні 8 кастрычніка 1920 года, і пасля нязначных сутычак захапілі яго ўжо на наступны дзень. Але афіцыйнае перамір’е з літоўцамі было падпісана толькі 29 лістапада 1920 года.

Генерал лічыў сябе літвінам і з недаверам ставіўся да новаз’яўленых балтаў-літоўцаў, якім адмаўляў у праве на гэтае імя і называў заўжды выключна жмудзінамі. Вось што ён напіша аб гэтым у 1943 годзе, калі будзе ўжо ў эміграцыі: «Мы ўсе апэлявалі даўнімі катэгорыямі. Пад словам літвін мы разумелі паняцьце Літвы гістарычнай, Літву вялікіх мэтаў, вялікіх людзей, вялікай ідэі. Мы шанавалі нашыя традыцыі, нават попел Зьніча пад Катэдрай. Нічога з мінуўшчыны не пакінула сьледу, наваяўлены “літвін” аказаўся ворагам, фальшывым ды наўскрозь пранямецкім. За нямецкія грошы набываў у Вільне дамы і пляцы, змушаў люднасьць абы дадаць да славянскіх прозьвішчаў жмудзкія канчаткі “is” i “as”, ды чакаў прыезду на трон літоўскі — Гагенцолерна, пад імем — о іронія — Міндоўга ІІ. Найбольш перажываў за гэта Маршалак. Чакаў, верыў у людзкія сумленьне і розум... Толькі люднасьць мясцовая адкідала ўсё, што звалася “літоўскім”. Ніхто не жадаў чуць пра навуку жмудзкай мовы, ніхто не прызнаваў жмудзкага чыноўніка, і ні водная кабета не жадала ісьці ў касьцёл, дзе служыў жмудзкі ксёндз…

Чаму мы, адвечныя насельнікі Літвы, мусілі ўнікаць той дарагой для нас назвы, а іншыя людзі, што ня маюць з Літвой нічога супольнага, — называць сябе бессаромна літвінамі? Чаму кожны на Віленьшчыне, нават непісьменная кабета, гэта разумее, але ня могуць гэтага зразумець палітыкі, навукоўцы ды маралісты сьвету?»

Генерал Люцыян Жалігоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Генерал Люцыян Жалігоўскі. Крыніца: wikipedia.org


Стварэнне дзяржавы

12 кастрычніка генерал Жалігоўскі абвясціў заснаванне Сярэдняй Літвы як цалкам незалежнай дзяржавы. Сімваламі яе сталі сцяг і герб, дзе на чырвоным фоне месціліся белыя выявы польскага арла і Пагоні. Новая краіна складалася з 10 паветаў. Акрамя сталічнай Вільні, найбольш буйнымі гарадамі былі Трокі, Смаргонь і родныя для Жалігоўскага Ашмяны.

Наваўтвораная краіна займала плошчу каля 15 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам крыху больш за паўмільёна чалавек. Па даных тагачасных польскіх крыніц, 65-70% з іх былі палякамі. Але трэба разумець, што па ўсталяванай у той час традыцыі ў палякі часта запісвалі ўсіх вернікаў каталіцкага веравызнання славянскага паходжання. Таму ў якасці палякаў у гэтыя спісы маглі трапіць (і хутчэй за ўсё траплялі) многія з тутэйшых беларусаў. Па некаторых падліках, беларусы-каталікі складалі каля 40% мясцовага насельніцтва. Этнічныя літоўцы складалі прыблізна 15%, а ў сталіцы новай дзяржавы Вільні іх было ўсяго толькі некалькі адсоткаў.

Нягледзячы на тое, што ў краі працавалі некалькі сотняў буйных і малых прадпраемстваў, эканамічнае становішча было даволі цяжкім. Польская марка, якая мела хаджэнне ў якасці асноўнага грашовага сродка, была вельмі нестабільнай валютай. Да таго ж накладаліся праблемы на вёсцы, якія сярэднелітоўскі ўрад спрабаваў вырашыць за кошт зямельнай рэформы. Так што, з’яўляючыся афіцыйна незалежнай краінай, наваўтвораная дзяржава магла нармальна існаваць толькі дзякуючы пастаянным польскім крэдытам.

Генерал Жалігоўскі, як галоўнакамандуючы войскамі Сярэдняй Літвы, спачатку прыняў на сябе часовае палітычнае кіраўніцтва на тэрыторыі краю. Ён заснаваў Часовую кіруючую раду, і з цягам часу перадаў ёй усю выканаўчую ўладу. На яе чале стаялі так званыя «краёўцы», прадстаўнікі руху, што выступалі за стварэнне федэратыўнай дзяржавы на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, у склад урада Сярэдняй Літвы ўваходзілі таксама і беларусы, а беларуская мова была адной з афіцыйных.

Герб і сцяг Сярэдняй Літвы. Крыніца: wikipedia.org

Герб і сцяг Сярэдняй Літвы. Крыніца: wikipedia.org

scjah_sjarednjaj_litvy.png



Няўдалая федэрацыя

Аднак у Заходняй Еўропе мала то паверыў у сапраўдную незалежнасць гэтага новага дзяржутварэння. Краіны Антанты накіравалі Пілсудскаму ноту пратэсту. Польскі маршал адказаў, што абяцае жыхарам Сярэдняй Літвы права на самавызначэнне. Пілсудскі спадзяваўся, што ў будучым яна зможа аб'яднацца спачатку з беларускім Мінскам і літоўскім Коўна, а пазней гэтае шматнацыянальнае ўтварэнне аб'яднаецца непасрэдна з самой Другой Рэччу Паспалітай у агульную федэрацыю. Стварэнне Сярэдняй Літвы бачылася яму апошнім шанцам для магчымасці рэалізацыі гэтай ідэі.

Хутка сітуацыя выйшла на высокі міжнародны ўзровень. Пытанне пачалі ўздымаць на пасяджэннях Лігі Нацый. Пачынаючы з вясны 1921 года ў Бельгіі ішлі перамовы, падчас якіх прапаноўвалася, у прыватнасці, стварэнне Літвы, якая павінна была складацца з двух кантонаў па ўзору Швейцарыі. Абодва кантоны будуць мець асобныя ўрады, парламенты, афіцыйныя мовы, але агульную федэратыўную сталіцу ў Вільні. Планавалася, што гэтая федэрацыя будзе цесна звязана з Польшчай вайсковым саюзам і эканамічнай дамовай. Але прадстаўнікі літоўскага ўрада ў Коўне, баючыся, што не змогуць супрацьстаяць польскаму ўплыву, рашуча выступілі супраць гэтай прапановы, і ідэя зышла ў нябыт.



Далучэнне да Польшчы

У снежні 1921 года быў абнародаваны выбарчы закон, а 8 студзеня 1922 года адбыліся выбары ў сейм Сярэдняй Літвы. У галасаванні афіцыйна прынялі ўдзел больш за 60% тых, хто мае права голасу. Амаль усе, хто прыйшоў на выбары, былі палякамі. Абсалютная большасць літоўскага і яўрэйскага насельніцтва краю байкатавала іх. Сярод беларусаў лічбы тых, што прагаласавалі, былі больш высокімі, але гэта не змяніла сітуацыю радыкальна. У выніку поўны кантроль над сеймам атрымалі менавіта прадстаўнікі польскай часткі насельніцтва краю, сярод якіх была папулярнай ідэя аб неабходнасці поўнага аб’яднання з Польшчай.

Галоўнай мэтай стварэння палаты было нарэшце канчаткова вырашыць далейшы лёс дзяржавы. Ідэя федэралізацыі была прызнана немагчымай для рэалізацыі ў той момант. І 20 лютага 1922 года дэпутатамі Віленскага сейма амаль аднагалосна было прынята рашэнне аб далучэнні да Польскай Рэспублікі. «Віленская зямля без усялякіх умоў і агаворак з'яўляецца неад'емнай часткай Рэспублікі Польшча», — абвяшчалася ў пастанове сейма.

Праз два месяцы, 6 красавіка 1922 года, Заканадаўчы сейм у Варшаве прыняў акт аб пераходзе ўлады ў гэтым рэгіёне да ўрада Польскай Рэспублікі. І ўжо 18 красавіка Сярэдняя Літва была афіцыйна далучана да Польшчы.

Няма сумневу, што Сярэдняя Літва была часовай квазідзяржавай, існаванне якой было звязана з цяжкай міжнароднай сітуацыяй у пасляваеннай Еўропе. Гэта было таксама сведчаннем шырокіх геапалітычных планаў Пілсудскага, якія з цягам часу страцілі сэнс свайго існавання. Але мэты яе стваральнікаў, нягледзячы на ўсю неадназначнасць, выглядаюць абсалютна шчырымі. Тут можна ўзгадаць яшчэ адну цытату Жалігоўскага: «Вільню заняў не польскі генерал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыннікаў на літвінскай зямлі».