Зянон Пазьняк: Хавайце і беражыце беларускія кнігі ад варвараў!

На фоне пашырэння спісу «экстрэмісцкіх» выданняў і далейшых рэпрэсій у гуманітарнай сферы, лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк выступіў з заклікам хаваць і берагчы беларускія кнігі. На яго думку, у перспектыве ўлады будуць нішчыць усё беларускае.

zp.jpg


«Грамадзтва без гісторыі і бяз веданьня гісторыі ня ёсьць нацыяй. Ня ёсьць народам. Каб зьнішчыць народ, дастаткова зьнішчыць яго гісторыю і кнігі. Гэтым займаўся расейскі мордар увесь час у дачыненьні да беларусаў. Не скажу, каб варварам усё ўдалося, але вынікі разбуральныя», — напісаў Пазьняк у сябе ў тэлеграм-канале.

«Пакаленьне «невераятных», выраслае ў лукашысцкім дурдоме, нічога ня ведае нават таго, што адбывалася ў 90-х, ня ведае, як была здабытая Незалежнасьць краіны, якое было змаганьне, ня кажам ужо пра генацыд 30-х гадоў, якія, што датычна вынішчэньня Беларусі, цяпер, у час акупацыі і вайны, паўтараюцца з вар'яцкім насіленьнем.

Гэты ўступ я напісаў, каб зьвярнуцца да беларусаў: ратуйце і хавайце ад варвараў беларускія кнігі. У кнігах (але не ў магнітным зарадзе Інтэрнэта) запісана наша вечнасьць, бо кніга – вечная. Калі варвары праіснуюць далей і вайна зацягнецца, яны прыйдуць да адкрытага аўтадафэ. З гэтага пачынаў вар'ят, уступаючы ва ўладу над Беларусяй.

Добра ведаю, што мае кнігі ў Беларусі ўжо зьнішчаныя ўсе. У пэрспэктыве будуць нішчыць усё, што па-беларуску. У нашай гісторыі мы такое ўжо праходзілі. Пакуль руская хвароба і акупацыя яшчэ існуе, трэба схаваць, зьберагчы ўсё, што здаровае, усё, што беларускае. Найперш — беларускія кнігі», — заклікаў Пазьняк.

Нагадаем, днямі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» кніга Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» (2016 года выдання), кніга Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір» (у 2022-м яна выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч»).


Раней у гэтым годзе ў Беларусі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» кніга Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», зборнік Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», кніга Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст.», манаграфія Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забяспячэнне. Ажыцяўленне». Усе яны — у «рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Пры гэтым улады маюць намер навесці парадак у працы гісторыкаў і вырашыць праблему «калянавуковых кніг», якія «скажаюць гісторыю» Беларусі. З такой заявай выступіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і адзначыў, што павінен быць адзіны навуковы погляд на гісторыю. Па яго словах, у заканадаўстве з'явяцца новаўвядзенні, «каб гэтыя пытанні выразна рэгуляваліся — і каб у гэтай сферы быў наведзены элементарны і выразны парадак».