Алесь Бяляцкі наведаў Брусель і заклікаў да барацьбы за вызваленне ўсіх палітвязняў
Былы палітвязень Алесь Бяляцкі, які правёў за кратамі больш як тысячу дзён і выйшаў на волю па амністыі 21 чэрвеня, знаходзіцца ў сваёй першай пасля вызвалення замежнай паездцы.
1 ліпеня віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» наведаў Брусель. Як паведамляе праваабарончы
сайт www.spring96.org, Бяляцкі сустрэўся з прадстаўнікамі ЕС, каб «выказаць удзячнасць ім за нястомныя намаганні па яго вызваленні», а таксама заклікаць «да барацьбы за
вызваленне ўсіх палітычных вязняў Беларусі і сістэмныя змяненні ў сітуацыі з правамі чалавека і асноўнымі свабодамі».
Былы палітвязень заклікаў прадстаўнікоў ЕС падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека.
Алесь Бяляцкі, генеральны дырэктар FIDH Антуан Бернар і кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Саша Кулаева сустрэліся са спецыяльным прадстаўніком Еўрасаюза па правах чалавека
Стаўрасам Ламбрынідзісам, а таксама членамі Еўракамісіі і шэрагам паслоў краін ЕС.
2 ліпеня беларускі праваабаронца знаходзіцца ў Страсбургу, дзе запланавана яго сустрэча з Марцінам Шульцам, пераабраным напярэдадні на пасаду прэзідэнта Еўрапарламента, еўракамісарам па пытаннях
пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле, генеральным сакратаром Савета Еўропы Турб'ёрнам Ягландам, старшынёй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ан Брасер, прадстаўнікамі офіса
камісара па правах чалавека Савета Еўропы.
Завершыць замежную паездку сустрэча з мэрам Парыжа, які надзяліў Алеся Бяляцкага статусам ганаровага грамадзяніна французскай сталіцы яшчэ падчас яго турэмнага зняволення.
БелаПАН