Андрэй Ягораў: «Крокаў па «адкручванні гаек» варта чакаць да канца 2022 года»
Пакуль што рэпрэсіі ў Беларусі не сціхаюць... Варта чакаць новых фортак магчымасцей і нейкага «адкручвання гаек» пад канец гэтага года, лічыць палітолаг Андрэй Ягораў.
Калі прапанаваны на грамадскае абмеркаванне праект Канстытуцыі будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, да 2024 года нічога ў сістэме ўлады не зменіцца. Адпаведна, «адкручваць гайкі» грамадзянскай супольнасці адразу пасля рэферэндуму не стануць. Пра гэта палітолаг Андрэй Ягораў распавёў «Еўрарадыё».
— Усе інавацыі, звязаныя з больш ліберальнай мадэллю, калі ў прэзідэнта памяншаюцца паўнамоцтвы на карысць парламента і ўрада, набываюць моц толькі пасля новых выбараў у парламент.
Акрамя таго, там адсылачныя нормы аб прыняцці закона пра УНС. Да канца не зразумела, як з новай Канстытуцыяй будзе працаваць УНС. Гэта значыць, што яшчэ як мінімум два гады будзе цягнуцца пераходны перыяд.
Улады не гатовыя пайсці на паслабленні і таму, што не адчуваюць, што грамадства цалкам кантраляванае. На думку эксперта, праўдзівыя вынікі грамадскіх апытанняў пра стаўленне беларусаў да рэжыму ўсё-ткі даходзяць да ўладаў і палохаюць іх.
— Іх нервуе тое, што яны бачаць. І здаецца, што, калі адпусціць лейцы, то ўсё пакоціцца. Але чым даўжэй усё знаходзіцца ў такім стане, як ёсць: больш-менш спакойна, няма ніякіх выступленняў, — тым больш гэта іх супакойвае. Думаю, варта чакаць новых фортак магчымасцей [для грамадзянскай супольнасці. — «Еўрарадыё»] і нейкіх крокаў па «адкручванні гаек» у канцы гэтага года, — кажа на заканчэнне Андрэй Ягораў.