Асобная думка. Акулы NATO ў Мінскім моры

Пятніца задалася з самага ранку! Міністр замежных спраў у інтэрв’ю расійскаму выданню «Известия» раптам абмовіўся пра нейкі «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі» ў Беларусі. Інтэрв’ю гэтае выйшла ноччу (цікава, што досыць шмат падобных навінаў бачаць свет менавіта ноччу). І панеслася!

shark_5966285_1280.jpg


Зранку ў сацыяльных сетках «вобла», якая не паспела набраць папулярнасць, змянілася на чарговыя стогны і лямант. Літары «К», «Т» ды «О» ў розных спалучэннях не абсмактаў толькі лянівы ці вельмі разумны. Цэлы ж міністр абвясціў! Нават да Астаны дакацілася, дзе пакуль спыніўся ў сваёй усеСНДшнай вандроўцы чалавек, які займае прэзідэнцкую пасаду ў Беларусі.
А потым пачалося сапраўднае «свята рогату»! Адзін апраўдваецца, другі спрабуе нешта ўдакладніць, КДБ, як салдат ботам па пляцы, чотка размазвае абодвух катэгарычным: «Ніякага рэжыму КТА ў Беларусі няма!». Потым зноўку ад першых асобаў: «Ну, штосьці такое ёсць, але гэта не тое, што вы думаеце».
І такое зусім не здзіўляе. Беларусы да гэтага звыклыя: калі кажуць, што грэчкі ці цукру заваліся — бяжы ў краму, валюты хапае — марш у абменнік, а калі супакойваюць, што трэба троху пачакаць і будзе «светлая будучыня» — ратуй дзяцей і валі з краіны. І самае цікавае, што кіраўнікі не хлусяць — у іх свой, пабудаваны з нашых грошай, сусвет. Яны дагэтуль шчыра вераць у тое, што мы верым у тое, што яны кажуць. Што самае дзіўнае — такіх «веруючых» шмат яшчэ, нягледзячы (а можа і «дзякуючы») на падзеі апошніх двух гадоў. Менавіта за іх кошт і існуюць дагэтуль і міністры, і той самы «першы», і шмат хто яшчэ ў іх атачэнні. Гэта тое самае «балота», з якім ніяк не хоча працаваць апазіцыя існай уладзе. Як не хацела і не працавала 10 гадоў таму, так не хоча і не працуе зараз: лепей і прасцей з зацікаўленымі і «прасунутымі». З імі і працаваць не трэба — яны і так на нашым баку! А з «балотам» лёгка не будзе, тут патрэбна шмат намаганняў і высілкаў. Нездарма «шапіто» з кіраўнікоў (не намеснікаў, не!) КДБ, Міністэрства абароны і КДК ужо пачало свае гастролі па працоўных калектывах. Але ж гэта трошкі пра іншае...
Чаму ўвогуле стала магчымай сённяшняя «камедыя спічаў»? Нагадаем, што некалькі апошніх гадоў кіраўніцтва краіны спрабуе стварыць з Беларусі нейкае падабенства заходніх краін у плане існавання штодзённых пагроз. Тэрарысты, экстрэмісты, мігранты — на іх думку, гэта ўсё нейкія атрыбуты сучаснасці, якія дазваляюць паставіць Беларусь у адзін шэраг з тымі ж ЗША, Германіяй ды іншымі эканамічна і сацыяльна развітымі краінамі. Чамусьці не поспехі ў развіцці, а менавіта турботы ды праблемы могуць і павінны зрабіць краіну заўважнай ды ўплывовай на міжнароднай арэне! Не толькі ў межах СНД (тут, насамрэч, таксама не атрымліваецца), але ж і ў Еўропе. Ды і ЗША маглі б ужо ўвагу звярнуць! Шкада ім, ці што? У нас вунь колькі тэрарыстаў! І калі што, Зянковіч — грамадзянін ЗША, на хвіліначку, ага...
Другое, што звяртае на сябе ўвагу, — татальна бязглуздае выкарыстанне сур’ёзных фармуліровак. Гэта, канечне, бярэ карані ў тым, пра што я гаварыў вышэй. Імкненне здавацца значным пераважае, таму і нараджаюцца маштабныя «аперацыі» ў адказ на няісныя выклікі. Гадоў з дзесяць таму праводзіліся вучэнні кшталту гэтых і ў якасці «дыверсантаў» былі «кантрактнікі» ССА з Мар’інай Горкі, а МУС павінна было іх «нейтралізаваць». Кіраўніцтва запатрабавала ад «дыверсантаў» дзейнічаць як у рэальных абставінах. У выніку «дыверсанты» вынішчылі ўсіх МУСаўцаў і паспяхова выканалі свае задачы, а потым атрымалі па самае «не хачу» ад больш высокага кіраўніцтва. Не склаўся пазл паспяховасці — і не мог скласціся. МУС павінна выконваць свае задачы, а спецназ — свае. Дагэтуль у людзей ва ўладзе існуе ўпэўненасць, што кожны чалавек у пагонах мусіць быць не менш як Джонам Рэмба. Калі я бачу ролікі МУС з пузатымі РУУСнікамі, якія «паспяхова супрацьстаяць падрыхтаваным дыверсійным групам»... Ну рогат жа!
Можна яшчэ шмат разважаць пра прычыны і наступствы, але я пакіну гэта больш дасведчаным у сферы ментальнага здароўя спецыялістам. Прыгадаю толькі стары анекдот, які трохі адаптаваны пад рэчаіснасць, але сэнсу ад таго не губляе. Як мне здаецца, ён вельмі добра адлюстроўвае цяперашнія падзеі:
Па пляжы № 8 Мінскага мора ад ранку ходзіць пузаты дзядзька і моцна дзьме ў свісток. Гадзіну ходзіць, дзве, тры... Адзін з адпачывальнікаў не вытрымаў:
— Што ты тут свісціш! Задзёўб ужо! Валі адсюль...— А я на працы — акул адганяю!— Ты дурны зусім? Няма і ніколі не было тут акул!— Вось таму і няма!