Беларус праз фэйкавы e-mail арганізаваў «дыялогавую пляцоўку» ў школе

Уладзіслаў, малады настаўнік з Мінска, які быў вымушаны з'ехаць у Польшчу ад палітычнага пераследу, вырашыў разыграць адміністрацыю школы, у якой раней працаваў. Прадставіўшыся «каардынатарам дыялогавых пляцовак», ён запатрабаваў зладзіць у навучальнай установе «дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні паправак у Канстытуцыю».

Так выглядала «дыялогавая пляцоўка» ў школе

Так выглядала «дыялогавая пляцоўка» ў школе


Адміністрацыя школы выканала яго загад і нават прадаставіла справаздачу, як тое было запатрабавана.

Летась маладога чалавека затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, але пасля допыту не змаглі паставіць яму нічога ў віну, акрамя «непадпарадкавання супрацоўнікам органаў». Настаўнік быў адпушчаны дадому да суда і неадкладна выехаў з краіны. Дырэктарка школы, з якой ён не паспеў звольніцца да ад'езду, не засталася абыякавай да гэтай сітуацыі, піша Reform.by.

«Яна некалькі месяцаў шукала фармальнасці, каб мяне не звальняць, не вяртаць дыплом і працоўную і ўвесь час тэлефанавала ў РУУС, каб мяне шукалі. Участковы кожны раз прыходзіў да маці па месцы маёй прапіскі і пытаўся, куды я падзеўся, таму што яго дастаў дырэктар школы, у якой я працаваў», — распавёў малады чалавек Reform.by.

Апынуўшыся за мяжой, Уладзіслаў вырашыў паджартаваць з дырэктаркі школы: стварыў фэйкавую пошту і, прадставіўшыся «каардынатарам дыялогавых пляцовак», напісаў грунтоўны ліст аб неабходнасці арганізаваць на базе школы «дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні змен у Канстытуцыю».

Дырэктарка школы, якая звыкла па першым патрабаванні ладзіць палітычныя мерапрыемствы, выканала заданне, а фотасправаздачу адправіла на фэйкавую пошту. Акрамя адміністрацыі школы, у абмеркаванні Канстытуцыі ўдзельнічалі старшыня прафсаюзнай пяршоўкі, старшыня пяршоўкі ГА «Белая Русь», сакратар БРСМ і адна інтэрактыўная дошка.

Варта адзначыць, што «абмеркаванне» паправак у Канстытуцыю даўно мінула і яе праект вынесены на рэферэндум, які мае адбыцца ў лютым.

Уладзіслаў з'яўляецца мастаком і расцэньвае свае дзеянні як мастацкі перформанс. «Калі шчыра, я мала цікавіўся абмеркаваннем паправак — прызнаецца Уладзіслаў. — Але ведаючы, якія людзі працуюць у школах, вырашыў, што яны купяцца. Наўрад ці яны самі гэтым пытаннем задаваліся. У школах, я мяркую, засталіся толькі тыя, хто не думае, а выконвае».