Без апазіцыі: толькі дзве партыі прайшлі перарэгістрацыю
Праўладная Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя прайшлі перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Апазіцыйных партый не засталося!
![article182275.jpg article182275.jpg](/img/v1/images/article182275.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле кіраўніка Мінюста Сяргея Хаменкі, перарэгістрацыя праведзеная па выніках неабходных «праверачных мерапрыемстваў», паведамляе «Свабода» са спасылкай на прэс-службу Міністэрства юстыцыі.
«Праверана як дакументальная частка, так і практычнае выкананне тых нормаў, якія прадугледжаны заканадаўствам. Гэтымі партыямі выкананы ўсе патрабаванні, указаныя ў законе аб палітычных партыях», — заявіў міністр.
Ён адзначыў, што камуністамі і ліберал-дэмакратамі «рэалізаваны абазначаныя ўнікальныя мэты і задачы»:
«Гэта і падтрымка канстытуцыйнага ладу, дзейнасць гэтых партый накіраваная на развіццё нашай дзяржавы і, вядома, прыцягненне людзей у свае шэрагі».
Нагадаем, на пачатку чэрвеня Міністэрства юстыцыі адмовілася разглядаць пытанне аб перарэгістрацыі Беларускай партыі «Зялёныя». Палітычная структура падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу сяброў 31 траўня. Неўзабаве пасля гэтага партыя атрымала адказ, у якім звяртаецца ўвага на тое, што пакет дакументаў няпоўны.
Апроч «зялёных», дакументы на перарэгістрацыю без спісу сяброў падалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (БСДГ), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет».
![Сяргей Калякін: Партыя "Справядлівы свет" не хоча самаліквідоўвацца Сяргей Калякін: «Улада з перарэгістрацыяй палітычных партый здзяйсняе вялікае глупства»](/img/v1/images/kalliak_tribuna_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
5 чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП (Грамада), Партыі БНФ і БПЗ заклікалі спыніць дзеянне новага закону «Аб палітычных партыях» за неадпаведнасць дакумента Канстытуцыі.
14 лютага Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене законаў у пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». Дакумент узмацніў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі на працягу шасці месяцаў пасля яго ўступлення ў сілу.
23 лютага Хаменка выказаў думку, што колькасць палітычных партый у Беларусі пасля перарэгістрацыі зменшыцца з пятнаццаці «да трох-чатырох».
Праваабаронцы і шэраг прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў негатыўна расцанілі папраўкі ў закон. Яны канстатавалі, што яго прыняцце пакіне ў Беларусі толькі праўладныя палітычныя структуры.
![Прадстаўнік АГП пра новы закон Прадстаўнік АГП пра новы закон: Выхад толькі адзін — ліквідацыя](/img/v1/images/shanca_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)