БНФ патрабуе прызнаць «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй

Заяву з патрабаваннем прызнаць расійскі байкерскі клуб "Начныя ваўкі" экстрэмісцкай арганізацыяй накіраваў 3 мая у Генеральную пракуратуру старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

b45c41e7_d7c1_421d_86b2_1b6435d03897_w640_r1_s.jpg


Падставай для заявы сталі нядаўнія скандальныя выказванні Аляксандра Залдастанава. Лідар маскоўскіх "Начных ваўкоў" 30 красавіка на тэрыторыі нашай краіны заявіў: "Беларусь — гэта Расія".
Аляксей Янукевіч просіць генеральнага  пракурора, згодна з законам "Аб процідзеянні экстрэмізму", звярнуцца ў Вярхоўны суд з заявай аб прызнанні "Начных ваўкоў" экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.
Свой зварот у пракуратуру Аляксей Янукевіч патлумачыў наступным чынам: "Нахабная заява Залдастанава відавочна скіраваная на непрызнанне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы і мае на мэце падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы. Заканадаўства пра барацьбу з экстрэмізмам, якое акурат нядаўна было значна ўдасканаленае, мае на мэце барацьбу менавіта з падобнымі пагрозамі і заклікамі. У нашых дзяржаўных структураў цяпер ёсць выдатная магчымасць прадэманстраваць, што новыя заканадаўчыя нормы пра супрацьдзеянне экстрэмізму насамрэч будуць выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з задэклараванымі мэтамі абароны нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Мы звяртаем увагу пракуратуры ня толькі на сам змест заявы, але і на тое, што яна была зробленая кіраўніком арганізацыі, якая актыўна і дзейсна падтрымлівала сепаратызм ва Украіне, а цяпер стварыла некалькі аддзяленняў у Беларусі (ёсць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя філіялы)".

Аляксей Янукевіч звяртае ўвагу, что заявы Залдастанава могуць быць сведчаннем стварэння ідэалагічнага падмурку для падрыхтоўкі гібрыднай вайны супраць Беларусі.


f4265efa_2ba3_4f8d_84b7_54b0e9a52508_cx0_cy9_cw0_mw1024_s_n_r1.jpg


Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб процідзеяньні экстрэмізму", экстрэмізмам прызнаюцца публічныя заклікі да дзейнасці і дзеянняў па гвалтоўным змяненні канстытуцыйнага ладу і (альбо) тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Паўнамоцтвы звароту з заявай у Вярхоўны суд аб прызнанні беларускай ці замежнай арганізацыі экстрэмісцкай нададзеныя Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.