Брэсцкіх анархістаў не выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання
Брэсцкіх анархістаў не выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС. Акрамя таго, міліцыя выставіла ачапленне перад уваходам на тэрыторыю ўстановы і спаслалася на аперацыю «Шчыт».
![img_0863_1.jpg img_0863_1.jpg](/img/v1/images/img_0863_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нікога, апроч бацькоў да кіраўніцтва РАУС не пусцілі. Там ім паведамілі пра тое, што іхнія дзеці будуць знаходзяцца пад арыштам да панядзелка.
Каментуе прадстаўніца праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка:
— Вяртаюцца старыя практыкі. Першая практыка — тое, што на актывістаў пачынаюць складаць пратаколы за дробнае хуліганства: нібыта яны лаяліся матам, прыцягвалі ўвагу, перакрывалі рух, і гэта расцэньваецца як вельмі грубае хуліганства, што не ёсць прававой практыкай. А другая практыка ў тым, што людзей штучна ўтрымліваюць у ізалятары нават пасля фармальнага адбыцця арышту, складаюць пратаколы і не выпускаючы з ізалятара затрымліваюць.
Шэраг затрыманняў і судоў у Берасці звязаны з “Маршам недармаедаў”, які адбыўся ў горадзе 5 сакавіка. Тады калону дэманстрантаў ачолілі невядомыя хлопцы ў балаклавах — прадстаўнікі руху анархістаў. «Цяпер улада ў адказ спрабуе іх ізаляваць і пагасіць пратэстны патэнцыял», — лічаць праваабаронцы.
Паводле «Радыё Рацыя»