Чарговы акт спектаклю пра справядлівага цара і нядбайных баяраў

Як варта ацаніць сённяшнія кадравыя змены, праведзеныя Аляксандрам Лукашэнкам? Ці гэта прызначэнні, закліканыя змагацца выключна з цяперашнім эканамічным і валютным крызісам? Ці яны зробленыя з перспектывай больш далёкай і больш важнай — а менавіта прэзідэнцкай кампаніі?



tsar.jpg

На гэтыя пытанні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
Цыганкоў: На вашую думку, у чым асноўны сэнс і значэнне гэтых, бадай, самых радыкальных зменаў у кіраўніцтве Беларусі за апошнія гады? Ці Аляксандар Лукашэнка мае на мэце толькі эканоміку ці ён глядзіць больш далёка — у прэзідэнцкую кампанію?
Класкоўскі: Ведаеце, пра выбары Аляксандар Лукашэнка думае заўсёды. У шырокім сэнсе — ён дбае, як найлепей выглядаць перад электаратам. У гэтым сэнсе мы проста бачым чарговы акт вядомага старога спектаклю пра справядлівага цара і нядбайных баяраў.
На гэты раз ён адным стрэлам забівае адразу некалькі зайцоў. Па-першае, спісвае апошнія фінансавыя праблемы на «ахвярных казлоў». Па-другое, рэсурс «новай мятлы». Я маю на ўвазе — каго б ён не прызначыў, спачатку людзі рвуць жылы, каб сябе паказваць з лепшага боку. Тут імпульс ідзе сам па сябе, ад улівання свежай ці адносна свежай крыві. Ну і па-трэцяе, цяпер можна казаць электарату — «пачакайце, не ўсё адразу, трэба даць час новым людзям, каб былі змены да лепшага».
Але ці будуць гэтыя змены — гэта пытанне паўнамоцтваў. Я думаю, што перад выбарамі для Лукашэнкі вельмі рызыкоўна даваць такі карт-бланш, бо цяпер бязбольных рэцэптаў няма ў эканоміцы. Трэба выбіраць рэзкія, хірургічныя метады. Таму — ёсць небяспека, што скажуць: да выбараў усімі праўдамі і няпраўдамі трымайце гэты рубель, трымайце бачнасць адноснай стабільнасці ў эканоміцы.
Цыганкоў: У першых камэнтарах аглядальнікі адзначаюць, напрыклад, рынкавасць і прафесіяналізм новага кіраўніка Нацбанку. Якой эканамічнай палітыкі можна чакаць ад новых прызначэнцаў. Ці можна меркаваць, што да выбараў вялікіх кадравых зменаў ужо не будзе?
Класкоўскі: Вядома, персаналіі граюць пэўную ролю. Але цяпер не той час, каб ладзіць пэўныя акадэмічныя дыскусіі, вызначаць, які шлях патрэбны для беларускай эканомікі. Бо ў ёй не зроблена элементарнага — патрэбныя сістэмныя рэформы, структурныя пераўтварэнні. Час толькі павялічвае вастрыню праблемы, дысбалансы ў эканоміцы нарастаюць.
Персона на чале ўраду ці Нацбанку мела б рэвалюцыйнае значэнне ў іншай, нармальнай палітычнай і эканамічнай сістэме. У нас жа ўсё дэфармуецца тым, што сістэма жорсткая, аўтарытарная і сістэма персаналісцкая. Таму, хто б не прыйшоў на тую ці іншую пасаду — яны будуць проста выканаўцамі найвышэйшай волі. Якую праграму закладзе ў гэты «кампутар» Лукашэнка — невядома. Я не выключаю, што калі далей будзе валіцца Расія, і ў нашай эканоміцы адпаведна будзе поўнае вар’яцтва — магчыма, яшчэ ні адна галава паляціць да прэзідэнцкіх выбараў.
svaboda.org