Чаму Лукашэнку запрасілі ў ААН на саміт па мэтах «устойлівага развіцця»?

Што такое рэйтынг устойлівага развіцця? Што ўвогуле можна казаць пра гэты рэйтынг, дзе Куба на адным узроўні з Люксембургам і вышэй за ЗША?

zaleznaja_zaslona_1.png

Народ здзіўляецца, чаму Лукашэнку запрасілі ў ААН на саміт па мэтах устойлівага развіцця, разважае журналіст Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграме.

А што тут абурацца, калі Беларусь у гэтым рэйтынгу амаль у сусветных лідарах, на 34-м месцы?

Што такое “ўстойлівае развіццё”? Гэта набор такіх “прекраснодушных” і часам даволі абстрактных мэтаў, па якіх вельмі добра даваць справаздачы ў розныя міжнародныя арганізацыі. Карацей, там 17 пунктаў: ад ліквідацыі жабрацтва да гендарнай роўнасці, ад памяншэння няроўнасці ў даходах да захавання экасістэмаў.



А ў Беларусі з усім гэтым проста цудоўна.

  • Алігархаў няма, іх адразу раскулачваюць ці саджаюць — вось вам “памяншэнне няроўнасці”.
  • Койкамесцаў у шпіталях на душу чалавека больш чым дзе. Праўда, дактароў не хапае, але гэта для статыстыкі не важна, галоўнае — койкамесцы і афіцыйная “бясплатнасць” медыцыны.
  • Трэба вам гендарная роўнасць? — у нас у Палатцы траціна жанчынаў. Заўтра можам і палову, можам і 90 працэнтаў жанчынаў туды прызначыць, для падвышэння паказчыкаў.
  • Пункт нумар 8 “годная праца”? Дык у нас у Беларусі беспрацоўя ўвогуле фактычна няма. А адкуль яму ўзяцца, калі сотні тысяч з’ехалі, а тыя, хто засталіся — каб не быць запісаныя ў “дармаеды”, вымушаныя ўладкоўвацца на працу хоць куды.

Карацей, “мэты ўстойлівага развіцця” — гэта такая псеўдаўтопія ўсеагульнага доступу да таннай зялёнай энергіі, роўнасці даходаў, усеагульнай адукацыі і аховы здароўя.

Яраслаў Раманчук напісаў шмат прыгожых допісаў пра сусветны бюракратычны культ “устойлівага развіцця”, які прыйшоў на замену “непазбежнасці пабудовы сацыялізму”. Гэта культ павелічэння ролі дзяржавы і чыноўніка.

Таму не дзіўна, што ў гэтай схеме Куба і Беларусь стаяць вышэй за ЗША і Ізраіль)). Беларусь на сваім 34-м месцы вышэй за ЗША, Аўстралію, Люксембург (!!), Літву, Кіпр, Ізраіль, Бразілію, Аргенціну, Сінгапур (увогуле 60-е месца, недаразвітыя якія).  

Што ўвогуле можна казаць пра рэйтынг, дзе Куба на адным узроўні з Люксембургам і вышэй за ЗША?

Ну а тое, што ў Беларусі саджаюць за ўдзел у мірным мітынгу і за лайкі ў сацсетках, і палітвязні паміраюць за кратамі – дык гэта чыноўнікаў ААН па ўстойлівым развіцці не турбуе, бо на рэйтынг краіны не ўплывае. Няма такога крытэра ва “ўстойлівым развіцці”.

“Захаванне экасітэмаў сушы” ёсць, а “дэмакратыі і правоў чалавека” — няма.

Рэпрэсіі ў Беларусі маюць цалкам устойлівае развіццё — чаму б тады не запрасіць Лукашэнку на саміт.