Дзяржсакратар ЗША сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі
Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа 1 лютага ў Мінску сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці — праваабаронцам Алесем Бяляцкім, старшынём офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргеем Драздоўскім, страшынём Беларускага хельсінскага камітэту Алегам Гулакам і старшынёй Таварыства беларускай мовы Аленай Анісім, перадае Радыё Свабода.
Раней Майкл Пампэа сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў краіны Уладзімірам Макеем.
«Мы падалі інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека Ў Беларусі. Мы казалі аб праблемах і нашых рэкамэндацыях, — распавёў Свабодзе Алесь Бяляцкі.— Пампэа паведаміў, што фактычна тое ж сказаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, дзе уздымаў пытанні з правамі чалавека. Паводле яго, ЗША падтрымліваюць пытанні незалежнасці Беларусі, бяспекі і правоў чалавека».
Гэта сустрэча, якая цягнулася каля паўгадзіны, была сігналам салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю, мяркуе Бяляцкі.
Апазіцыйных палітыкаў не запрасілі
А вось прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый запрашэнне на сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША не атрымалі.
Паводле лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, такая сустрэча не планавалася.
Напярэдадні візіту лідары апазіцыйных рухаў і партый перадалі ў амбасаду ЗША ў Беларусі зварот на імя дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа.