Як разгрузіць склады? Лукашэнка падарыў Пуціну сертыфікат на трактар

У час нефармальнай сустрэчы кіраўніцтва краін СНД у Санкт-Пецярбургу адзначылі дзень нараджэння Уладзіміра Пуціна, якому споўнілася сёння 70 гадоў.

7084df31_21d7_4ae6_8f5e_624d5dbe3b77.jpg


У якасці падарунка Лукашэнка прывёз Пуціну сертыфікат на трактар Мінскага трактарнага завода. Пуцін атрымае трактар «Беларус 1523.3».

Гэта трактар сярэдняга ўзроўню з магутнасцю рухавіка 150 л.с. Ён прызначаны для выканання розных сельскагаспадарчых работ агульнага прызначэння, асноўнай і перадпасяўной апрацоўкі глебы, пасеву ў складзе шыроказахопных і камбінаваных агрэгатаў, уборачных работ у складзе высокапрадукцыйных уборачных комплексаў, транспартных работ. Трактар камплектуецца 6-цыліндравым рухавіком Мінскага маторнага завода.

«Такі, якім я сам карыстаюся — самы лепшы. Я яму прапаную адну насадку — сеялку. Будзем сеяць хлеб, выгадуем і Еўропе (адправім), каб не галадалі, каб не кралі ва Украіны хлеб, а везлі ў бедныя краіны», — сказаў Лукашэнка журналістам.

У прэс-службе «Мінскага трактарнага завода» «Газеце.Ru» распавялі, што машына будзе выкананая па спецыяльным тэхнічным заданні і будзе выглядаць гэтак жа, як на самім сертыфікаце.

«Гэты трактар цяпер здаюць у цэху вопытнай вытворчасці, таму што ў яго спецыяльнае тэхнічнае заданне. Базавыя характарыстыкі адпавядаюць мадэлі, якая сыходзіць з канвеера, але гэтая мадэль — па спецыяльным тэхнічным заданні. Ён будзе сапраўды такі, якім вы бачыце яго на сертыфікаце. У нас такі колер, гэта наш трактар», — патлумачыла прэс-сакратарка завода Юлія Дылянок.

Кошт трактара на заводзе называць не сталі, бо палічылі гэта недарэчным.

Варта зазначыць, што падарунак Лукашэнкі быў не самым экзатычным. Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон падарыў прэзідэнту піраміды з кавуноў і дынь, якія размясцілі на тэрыторыі пецярбургскай рэзідэнцыі ў Стрэльні.

Таксама падарунак быў не самым арыгінальным. Лукашэнка ўжо дарыў трактар — у 2018 годзе прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі атрымаў ад яго малагабарытны трактар BELARUS-152.