Краіны G7 папярэдзілі кіраўніцтва Беларусі аб дадатковых санкцыях
У заяве краін «Вялікай сямёркі» змешчана і патрабаванне да беларускіх уладаў «спыніць заахвочванне агрэсіўнай вайны Расіі» і не дазваляць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для запуску ракет па Украіне.
«Мы паўтараем наш заклік да беларускіх уладаў спыніць заахвочваць агрэсіўную вайну Расіі, у тым ліку дазваляць узброеным сілам Расіі выкарыстаць беларускую тэрыторыю для запуску ракет, нацэленых на Украіну. Калі беларускія ўлады больш непасрэдна ўцягнуць Беларусь у вайну з Украінай, G7 ускладзе на рэжым велізарныя дадатковыя санкцыі», — гаворыцца ў заяве.
Апроч гэтага краіны «Вялікай сямёркі» зноў заклікалі Расію неадкладна спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны і вывесці ўсе свае сілы і вайсковую тэхніку, а таксама асудзілі нядаўнюю эскалацыю Расіі, уключаючы яе напады на грамадзянскае насельніцтва і грамадзянскую інфраструктуру, у прыватнасці аб'екты энергетыкі і водазабеспячэння, па ўсёй Украіне з выкарыстаннем ракет і іранскіх беспілотнікаў і інструктараў.
«Праз гэтыя напады Расія спрабуе тэрарызаваць грамадзянскае насельніцтва. Невыбарчыя напады на грамадзянскае насельніцтва і інфраструктуру ўяўляюць сабой ваенныя злачынствы, і мы пацвярджаем нашу рашучасць забяспечыць поўную адказнасць за іх і злачынствы супраць чалавечнасці», — гаворыцца ў заяве.
Апроч таго, у дакуменце падкрэсліваецца, што «безадказная ядзерная рыторыка Расіі непрымальная». «Любое ўжыванне хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі Расіяй пацягне за сабой сур'ёзныя наступствы. Мы таксама не прымаем ілжывыя заявы Расіі аб тым, што Украіна рыхтуе радыялагічную "брудную бомбу". Інспекцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) пацвердзілі, што гэтыя сцвярджэнні беспадстаўныя, і мы аддаём належнае Украіне за яе празрыстасць», — адзначаецца ў заяве.
«Мы будзем працягваць ускладаць эканамічныя выдаткі на Расію і на іншыя краіны, фізічных або юрыдычных асоб, якія аказваюць ваенную падтрымку агрэсіўнай вайне Масквы, як некаторыя з нас ужо зрабілі ў дачыненні да прадастаўлення Іранам Расіі беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА). Мы пацвярджаем нашу непахісную прыхільнасць працягу прадастаўлення фінансавай, гуманітарнай, абароннай, палітычнай, тэхнічнай і юрыдычнай падтрымкі, неабходнай Украіне для палягчэння пакут яе народа і падтрымання яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ў межах яе міжнародна прызнаных межаў. Мы вітаем адвагу і стойкасць украінскага народа перад тварам несправакаванай агрэсіі Расіі, і мы поўныя рашучасці дапамагчы Украіне задаволіць яе патрэбы ў падрыхтоўцы да зімы», — адзначылі краіны «Вялікай сямёркі».
Неафіцыйны пераклад НЧ