Латушка: «Лукашэнка ўяўляе сабой ваенную пагрозу, але гэта пагроза можа стаць ядзернай»
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка заклікаў Захад увесці супраць Лукашэнкі санкцыі, здольныя паралізаваць сістэму.
Пра гэта ён заявіў у адкрытым звароце да палітыкаў краін Захаду, які цытуе Радыё Св*бода са спасылкай на BPN.
Латушка падкрэсліў, што санкцыі павінны ўводзіцца па прынцыпе прыналежнасці да дзяржапарату і дзяржструктур. Важна таксама, каб былі заведзены публічныя адкрытыя крымінальныя справы на Лукашэнку і ягоных памагатых, сказаў Латушка.
«Вы ніколі не зможаце быць дастаткова заклапочанымі, каб спыніць вайну ва Украіне і масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Глыбокая заклапочанасць нічога не мяняе і ніколі не мяняла. У Беларусі ёсць такі выраз: “Дна няма”. Мы выкарыстоўваем яго, калі ў краіне адбываецца штосьці, што яшчэ ўчора было неймаверна, калі чарговыя дзеянні Лукашэнкі даказваюць, што жорсткасці, варʼяцтву, цынізму рэжыму Лукашэнкі проста няма мяжы. Пачуйце мяне: сёння ў Беларусі дна няма», — заявіў палітык.
На яго думку, калі для захавання ўлады трэба «забіваць, катаваць, гвалтаваць і калечыць беларусаў», Лукашэнка «будзе працягваць гэта рабіць», а таксама надаваць Расіі інфраструктуру для нанясення ўдараў па Украіне, дапусціць анэксію Беларусі і размяшчэнне на яе тэрыторыі расійскай ядзернай зброі.
«Лукашэнка ўжо ўяўляе сабой ваенную пагрозу, але гэта пагроза можа стаць ядзернай», — сказаў Латушка.
Ён падкрэсліў, што няздольнасць у 2020 годзе вырашыць праблему Лукашэнкі прывяла да таго, што Уладзімір Пуцін змог выкарыстаць яго для акупацыі Беларусі і ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, бо «без Лукашэнкі ніякай вайны магло б і не быць».
Латушка прывёў прыклады няправільных, на ягоны погляд, рашэнняў краін Захаду: санкцыі прымаліся павольна, з затрымкамі, з выключэннямі, дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі не былі цалкам разарваныя, супраць Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў не заведзеныя крымінальныя справы.
Палітык прапануе падумаць над увядзеннем супраць «рэжыму Лукашэнкі» тых жа санкцый, што і супраць Расіі, «паставіць дыктатара перад асабістым ультыматумам замест глыбокай заклапочанасці, узмацніць ціск на Лукашэнку настолькі, каб ён яго не вытрымаў і быў вымушаны выйсці з гульні». У адваротным выпадку можа паўтарыцца сітуацыя 2020 года, «калі беларусам, якія пратэстуюць, трэба было дапамагчы не словамі глыбокай заклапочанасці, а магутным знешнім ціскам на рэжым — і калі гэты момант быў упушчаны».
«Рэжым Беларусі — гэта таталітарная дыктатура на службе ў Расійскай Федэрацыі. Я не хачу перакладаць адказнасць з беларускага народа на знешнія сілы. Не здымаю адказнасці з сябе, з Абʼяднанага пераходнага кабінета. Але хачу нагадаць, што праблема Лукашэнкі ўжо даўно перарасла межы Беларусі. І цяпер гэта наша агульная адказнасць. Аднак у нашых заходніх партнёраў пакуль не хапае палітычнай волі выкарыстоўваць у дачыненні да Лукашэнкі сваю сілу па-сапраўднаму, стратэгіі наконт гэтага няма», — лічыць Латушка.