«Красамоўнае маўчанне. АДКБ не падтрымаў Расію». Карбалевіч — пра саміт у Маскве

Палітолаг Валерый Карбалевіч ацаніў вынікі ўчарашняга саміта АДКБ, які прайшоў у Маскве.

«Сустрэча лідараў краін АДКБ зафіксавала сур’ёзны правал замежнай палітыкі Расіі, — піша Карбалевіч у аўтарскай калонцы на беларускім радыё, прызнаным «экстрэмісцкім». — Па сутнасці, Масква засталася без саюзнікаў. Дакладней, з адзіным саюзнікам — Мінскам.

Амаль тры месяцы ідзе вайна Расіі супраць Украіны. Падзея, якая выклікала міжнародны землятрус. На яе адрэагавалі ў ААН, розных міжнародных арганізацыях (спартыўных і інш.). І толькі АДКБ — вайскова-палітычны саюз, створаны РФ, — маўчала. Лукашэнка гарачыўся, маўляў, Украіна першай напала на Беларусь і Расію, таму, паводле Статута АДКБ, іншыя чальцы арганізацыі мусілі б прыйсці на дапамогу «ахвярам». Ён публічна заклікаў саюзнікаў сабрацца і сур’ёзна пагаварыць. І сапраўды, доўгае маўчанне АДКБ станавілася занадта гучным і заўважным.

Магчыма, гэтае маўчанне працягнулася б яшчэ даволі доўга, калі б не падаспеў юбілей стварэння гэтай арганізацыі — 30 гадоў. Тут хочаш-не хочаш, а свята абавязвала выканаць патрэбны рытуал, сабрацца, прыняць нейкую заяву.

І раптам выявілася, што сам фармат гэтага мерапрыемства выклікаў рознагалоссі. Як яго назваць? На сайце АДКБ мерапрыемства названае «сустрэчай лідараў дзяржаў — чальцоў АДКБ, прысвечанай юбілею». А ўрачыстая сустрэча не прадугледжвае нейкага афіцыйнага парадку дня, прыняцця адпаведных рашэнняў. На афіцыйным сайце Лукашэнкі мерапрыемства названа «самітам АДКБ». А дакумэнт, які быў прыняты па выніках сустрэчы, названы заявай «Рады калектыўнай бяспекі АДКБ». Такім чынам, пытанне, што гэта было, так і засталося адкрытым.

Вельмі адметнымі былі выступы лідараў дзяржаў-удзельніц АДКБ. Пуцін апавядаў пра вераломны Захад, ЗША, «нацысцкую» Украіну. І асцярожна адзначыў «важнасць самай цеснай каардынацыі паміж удзельнікамі АДКБ у сферы знешняй палітыкі, узгодненых дзеянняў у ААН і на іншых шматбаковых пляцоўках».

А Лукашэнка, услед за Пуціным, мала таго што імкнуўся пераканаць кіраўнікоў АДКБ, што арганізацыя павінна супрацьстаяць НАТО, ператварыцца ў Анты-Захад, дык яшчэ і перайшоў проста да папрокаў на адрас саюзнікаў:

«Аднак ці можна сёння сцвярджаць, што мы ў нашай арганізацыі разам і ўсё гэтак жа звязаныя сувяззю салідарнасці і падтрымкі? Як паказваюць апошнія падзеі, з нашага пункту гледжання (можа, я памыляюся), здаецца, не... На фоне найжорсткага, ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду пастулаты адзінства і салідарнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды. Гэта бачна, на жаль, па галасаванні ў міжнародных арганізацыях. З маўклівай згоды нашых партнёраў Беларусь і Расія, насуперак усім законам міжнароднага жыцця, па капрызе Захаду шальмуюцца і выключаюцца з міжнародных арганізацый».

І што ж адказалі лідары Казахстана, Кіргізстана, Таджыкістана, Арменіі? З гледзішча пажаданняў Пуціна і Лукашэнкі — нічога. А ў адказ — цішыня. Яны не заўважылі вераломнага NATO, «нацысцкай» Украіны, гаварылі пра сваё. Пра патэнцыйную пагрозу з боку Афганістана. Лідар Арменіі Пашынян, як заўсёды, узгадаў свой канфлікт з Азербайджанам. І ў выніковай заяве нічога не гаворыцца нават пра палітычную падтрымку Расіі і Беларусі ў супрацьстаянні Украіне і Захаду.

І гэтае маўчанне вельмі красамоўнае. Падаецца, гэта сур’ёзны правал замежнай палітыкі Расіі. Па сутнасці, яна засталася без саюзнікаў. Дакладней, з адзіным саюзнікам.

І пасля вайны Расіі з Грузіяй у 2008 годзе, і пасля захопу Расійскай Федэрацыяй Крыма і Данбаса ў 2014-м пазыцыя АДКБ была хоць і асцярожная, аднак даволі заўважна прарасійская. Цяпер сітуацыя іншая. Чальцы АДКБ не рушылі ўслед за Беларуссю. І таму ёсць шэраг прычын.

Найперш, Пуцін перад нападам на Украіну заявіў, што не прызнае вынікаў распаду СССР, тых межаў, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І абвяшчае сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права на перагляд таго, што ён неаднаразова называў «геапалітычнай катастрофай». Прэзідэнт Расіі мяркуе, што прыйшоў час аднавіць справядлівасць, вярнуць рускія землі на гістарычную радзіму. Таму кіраўнікі іншых постсавецкіх дзяржаў баяцца паўтарыць лёс Украіны.

Акрамя таго, беспрэцэдэнтна рашучыя і жорсткія заходнія санкцыі супраць Расіі мелі два наступствы. З аднаго боку, постсавецкія краіны не хочуць сварыцца з Захадам, які прадэманстраваў сілу. Нікому не хочацца трапіць пад санкцыі.

А з іншага боку, санкцыі моцна аслабляюць Расію. Яна не можа быць паўнавартасным заступнікам, спонсарам і гарантам бяспекі для краін АДКБ. Яго чальцам трэба шукаць іншыя варыянты.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: