Мінскі працэс пад пагрозай: Крэмль не ведае, пра што пасля забойства Захарчанкі можна гаварыць з Кіевам

Афіцыйная Масква пасля забойства кіраўніка самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандра Захарчанкі не ведае, пра што можна зараз гаварыць з украінскімі калегамі.

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.by

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.by

Па словах прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, «Расія была і застаецца краінай, якая заўсёды казала, што менавіта Кіеў тармозіць рэалізацыю гэтых дамоўленасцей», паведамляюць Ведомости.
Ён падкрэсліў, што пасля забойства кіраўніка ДНР (Масква ўскладае адказнасць за ўчыненне тэракту менавіта на ўлады Украіны), «напэўна складана пра штосьці гаварыць з украінскім бокам».
Зрэшты, падкрэсліў Пяскоў, гэта не азначае, што Расія выходзіць з мінскага працэсу.
Выбух, у выніку якога загінуў Захарчанка, адбыўся ў адным з данецкіх рэстаранаў 31 жніўня.
Раней у Службе бяспекі Украіны пацвердзілі гібель кіраўніка ДНР, але катэгарычна адхілілі дачыненне ўкраінскіх уладаў да выбуху.
За апошнія некалькі гадоў памерлі або былі забітыя самыя прыкметныя камандзіры апалчэння ЛНР і ДНР:
Міхаіл Талстых (Гіві), камандзір батальёна «Самалі», загінуў пры выбуху ў сваім кабінеце ў Макееўцы 8 лютага 2017 года;
Аляксей Мазгавы, камандзір батальёна «Прывід», падарваўся ў машыне на фугасе 23 мая 2015 года ў раёне Алчэўска;
Валерый Болатаў, кіраўнік ЛНР (з 18 мая па 14 жніўня 2014 года) памёр у Маскве 27 студзеня 2017 года ў выніку вострай сардэчнай недастатковасці;
Арсен Паўлаў (Матарола), камандзір супрацьтанкавага спецпадраздзялення «Спарта», быў узарваны ў ліфце дома 16 кастрычніка 2016 года;
Павел Дромаў (Баця), камандуючы «Стаханаўскай казачай самаабаронай», быў узарваны ў аўтамабілі на трасе Стаханаў — Першамайск, калі ехаў на ўласнае вяселле, 12 Снежня 2015 года;
Аляксандр Бядноў (Бэтмэн), камандзір батальёна «Бэтмэн», загінуў 1 студзеня 2015 г. пры спробе затрымання;
Алег Анашчанка, начальнік упраўлення Народнай міліцыі ЛНР, быў узарваны ў аўтамабілі ў Луганску 4 лютага 2017 года;
Уладзімір Цвях, былы камандзір батальёна «Хуліган» (абставіны смерці не паведамляюцца);
Алег Маміеў (Мамай), камандзір батальёна «Пятнашка» загінуў 18 мая 2018 года ў выніку абстрэлу з гранатамёта (АГС) — снарад разарваўся прама над яго галавой.
naviny.by