Завадатар «ДНР» Захарчанка жывы?

Назіральнікі Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ заявілі, што не бачылі цела ці парэшткаў завадатара «ДНР» Аляксандра Захарчанкі і яго ахоўніка, якія загінулі ў выніку выбуху ў кавярні «Сепар» у Данецку 31 жніўня.

Захарчанку хавалі ў закрытай труне

Захарчанку хавалі ў закрытай труне


У справаздачы місіі паказана, што выбух адбыўся менш чым у 200 метрах ад офіса АБСЕ ў Данецку. Калі назіральнікі прыбылі на месца здарэння, то ўбачылі, што раён вакол рэстарацыі быў агароджаны. Адзін з камандзіраў баевікоў расказаў ім, што ў выніку выбуху загінуў Захарчанка, яшчэ адзін баявік атрымаў цяжкія раненні. Таксама ім паведамілі, што раненні атрымалі яшчэ дзевяць чалавек, піша ўкраінскі партал «Обозреватель».

Пры гэтым медыкі Інстытута неадкладнай і аднаўленчай хірургіі імя В.К. Гусака распавялі, што да іх паступілі шэсць пацярпелых ад выбуху. Але дадатковую інфармацыю даць адмовіліся.

У моргу 3 верасня пацвердзілі наяўнасць двух целаў — завадатара «ДНР» і яго ахоўніка, але іх таксама ніхто не бачыў.

У інтэрнэце абмяркоўваюць цырымонію развітання з экс-верхаводам «ДНР» Аляксандрам Захарчанкам, якога хавалі ў закрытай труне. Многія мяркуюць, што яго гібель была інсцэніроўкай і на самай справе ён жывы.