Партыя БНФ правяла пасяджэнне Сойма анлайн
Пра гэта паведаміла прэс-служба Партыі БНФ.

У сувязі з пандэміяй каронавіруса беларускія арганізацыі часта пераходзяць на працу ў анлайн-рэжыме. Цяпер такімі захадамі карыстаюцца і палітычныя партыі. Партыя БНФ 28 сакавіка правяла пасяджэнне кіруючага органа — Сойма — у анлайне з дапамогай платформы Zoom. У пасяджэнні прынялі ўдзел 31 сябар Сойма. Кіраўніцтва партыі — старшыня Рыгор Кастуёў і намеснікі старшыні Аляксей Янукевіч, Зміцер Салошкін — удзельнічалі ў пасяджэнні з офіса партыі.
Сойм — кіруючы орган Партыі БНФ, які складаецца з 49 чалавек, абіраецца З'ездам. Магчымасць праводзіць пасяджэнні ў рэжыме анлайн з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій адпавядае заканадаўству Рэспублікі Беларусь і Статуту самой партыі. Такая норма ў партыйным Статуце была замацаваная ў 2019 годзе. Аднак толькі цяпер гэтая форма пасяджэнняў была выкарыстана.

Скрыншот відэа Сойма, крыніца facebook.com
На пасяджэнні сябры Сойма абмеркавалі сітуацыю з выбарамі адзінага кандыдата ад апазіцыі, прынялі заяву ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Удзельнікі пасяджэння станоўча ацанілі анлайн-форму правядзення сустрэчы. Адказны сакратар і намеснік старшыні партыі Зміцер Салошкін адзначыў, што колькасць удзельнікаў «кіберСойма» перавысіла колькасць удзельнікаў некаторых офлайн-пасяджэнняў.