Павел Усаў: 2022 год будзе годам працягу тэрору і дзяржаўнага самавольства

Рэжым прадэманстраваў, што ніякіх межаў для рэпрэсій і самавольства для яго не існуе, адзначае палітолаг Павел Усаў.

photo_353731.jpeg

Рэвалюцыі і палітычныя крызісы неверагодна паскараюць час і гістарычныя працэсы, — напісаў палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале. — За адзін год краіна па падзеях перажыла напэўна столькі, колькі за ўвесь перыяд існавання рэжыму Лукашэнкі.

Усе злачынствы, што рабіла сістэма на працягу гадоў, былі расцягнутыя ў часе і здаралася, што зрэдзь часу заставаліся непрыкметныя, а цяпер яны сціснутыя ў адзін імпульс, у адзін стрэл. Як магутнае вывяржэнне вулкана, якое раптоўна пакрыла чорным попелам усю краіну і грамадства.

Такія ўзрушэнні ў любым выпадку не праходзяць бясследна, яны або цалкам разбураць краіну, або дадуць штуршок для фарміравання новага цывілізацыйнага грунту.

Рэжым прадэманстраваў, што ніякіх межаў для рэпрэсій і самавольства для яго не існуе. За гэты 2021 год былі наступныя ключавыя падзеі:

- праведзены "Усебеларускі народны сход", дзе Лукашэнка заявіў аб падаўленні бунту, прадэманстраваў, што ён "жывейшы за ўсіх жывых", а таксама ініцыяваў працэс па канстытуцыйным зменах;

- "раскрытая змова" з мэтай забойства Лукашэнкі і іншых вышэйшых чыноўнікаў. У Маскве былі захопленыя Фядута і Зянкевіч;

- Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу № 2 ад 9 траўня 2021"; дакумент аформіў новы стан сістэмы, якую на сённяшні дзень можна назваць неа/таталітарна-мілітарысцкай. Сілавікі сталі актыўна ўводзіцца ў апарат кіравання;

- адбыўся, фактычна, сілавы захоп самалёта Rayan air, з арыштам Рамана Пратасевіча. Ён раптоўна стаў героем, але цяпер жа адданы забыццю.

- Захад увёў маштабныя санкцыі, палёты над Беларуссю і з Беларусі былі спыненыя. Краіна аказалася практычна ў поўнай ізаляцыі;

- поўнамаштабнае знішчэнне ўсіх незалежных грамадзянскіх ініцыятыў і арганізацый, а таксама СМІ;

- забойства Вітольда Ашурка і Андрэя Зэльцэра;

- пачалося гібрыднае супрацьстаянне з Захадам пры выкарыстанні нелегальных мігрантаў. Рэжым Лукашэнкі фактычна знаходзіўся ў перадваенным стане;

- рэпрэсіі сталі сістэмай, а сістэма — рэпрэсіямі. Масавая палітычная эміграцыя, падаўленне інтэлектуальнай аўтаноміі грамадства: арышты Касцюговай і Мацкевіча.

- быў прыняты закон "аб генацыдзе беларускага народа", унесены прапановы аб пазбаўленні грамадзянства і іншыя ініцыятывы па легалізацыі тэрору;

- вынесеныя жорсткія прысуды помсты, якія можна назваць пажыццёвымі (пакуль Лукашэнка жывы, людзі будуць сядзець): Бабарыка, Знак, Калеснікава, Статкевіч, Ціханоўскі, Лосік і іншыя;

- падпісаныя 28 дарожных карт па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй, сфарміраваны/ыя расійска-беларускія ваенна-навучальныя цэнтры, узмацнілася вайсковая прысутнасць Расіі ў Беларусі;

Калі меркаваць па тэндэнцыях, 2022 год будзе годам працягу тэрору і дзяржаўнага самавольства.