Павел Усаў: Збожжавая адмова і зацягванне вайны
Палітолаг Павел Усаў пра выхад РФ са збожжавага пагаднення і пра нерашучаcць Захаду.
Чарговая дэманстрацыя бяссілля Захаду. Расія «гучна» выйшла з «дамовы», хутчэй каб выправіць Пуціну імідж пасля прыгожынскага маршу, ну і паспрабаваць спыніць вайсковую падтрымку для Украіны, каб давесці вайну да замарозкі і такім чынам перамагчы, піша ў сваім тэлеграм-канале Павел Усаў.
Пасля выхаду са збожжавага пагаднення рускія пачалі інтэнсіўна бамбіць Адэсу і марскія парты, каб зрабіць вываз зерня ўвогуле немагчымым, а таксама дадаткова мініраваць акваторыю.
Захад у чарговы раз абурана лямантуе, ад ЗША да ААН кажуць, што блакада Украіны прывядзе да голаду ў трэціх краінах, перш за ўсё ў Афрыцы. Што гэта новы доказ нецывілізаванасці Расіі (новы!). Старых недастаткова.
У сваю чаргу, блакада спрычыніцца да вялікай гуманітарнай катастрофы і новай хвалі эміграцыі, якая захлыне Еўропу.
Але раней ці пазней так павінна было стацца.
Па-першае, быў цэлы год, каб Захад і такія структуры, як ААН, маглі неяк падрыхтавацца да такой сітуацыі. Зрабіць адпаведныя запасы, каналы дастаўкі і транспарціроўкі. Але ж яны спадзяваліся на «добрую волю Масквы» — again.
Па-другое, у NАТО (толькі ў Турцыі) велічэзны ваенна-марскі патэнцыял у Чорным моры, дзеля таго, каб рэалізаваць гуманітарную місію і дэблакіраваць Украіну (як мінімум), бо як жа ж па-іншаму: тут гаворка ўжо вядзецца не пра бедную Украіну, якую штодня рускія закідваюць ракетамі, але пра сотні мільёнаў людзей, якія будуць галадаць і паміраць. А таксама ўласную бяспеку. Наўрад ці Масква захоча ўступаць наўпрост у ваенную канфрантацыю з NАТО.
Але ж не, Захад усцяж баіцца раздражняць Расію. Турцыя ж у сваю чаргу будзе надалей рабіць грошы на рускіх турыстах і прапускаць рускія караблі праз Басфор. (Агульны тавараабарот расійскіх партоў каля 200 мільёнаў тон у год).
Адсутнасць радыкальных мер уздзеяння і прымусу ў дачыненні да Масквы, на жаль, будзе спрыяць:
1. Зацягванню вайны.
2. Пошукам з боку Захаду новых кампрамісаў з Масквой, асабліва калі сапраўды пачнецца новы гуманітарны крызіс у Афрыцы.
Пуцін аб'яўляе Чорнае мора расійскім з сённяшняга дня, 20 ліпеня
Украінскі блогер Алег Панамартлумачыць, чаму не варта спадзявацца на тое, што NATO будзе ваяваць з Расіяй у гэтай вайне.
Што будзе далей? Нічога. Тут пыталіся: чаму Эрдаган не можа праявіць сілу і выдзеліць свае караблі для канвою? Таму што Расія ўступіць з імі ў ваенны канфлікт. Нават ведаючы, што Турцыя нашмат мацнейшая за яе і Расіі нічога не свеціць. Але тады Расія пачне шантаж прымянення сваёй ядзернай зброі, Турцыя адступіць — і Расія будзе пераможцам. І NАТО не прыменіць артыкул 5 Статута.
Я не раз пісаў — NATO не ваюе з Расіяй, і NATO не будзе ваяваць з Расіяй. Расія напала на Украіну, і Захад дапамагае Украіне выстаяць і затым — перамагчы. NАТО — ускосны ўдзельнік, але не прамы, і прамым не будзе ў гэтай вайне (толькі калі Расія не прыменіць першай ядзерную зброю). Кропка.
Зыходзячы з напісанага вышэй і будуць развівацца падзеі: Эрдаган будзе весці перамовы з Пуціным, Украіна з саюзнікамі будуць шукаць альтэрнатыўныя шляхі для вывазу збожжа. А калі браць шырэй па вайне, то, як я не раз пісаў, Украіне — зброю і фінансы, Расіі — санкцыі.
Вайна рэсурсаў і лагістык. І час працуе супраць Расіі. Таму што, хоць час і ёсць, але ён абмежаваны выбарамі ў ЗША, а да іх Расія не дацягне.
Чаму NATO не будзе ваяваць з Расіяй у гэтай вайне?
Ніводная краіна NATO не будзе ваяваць наўпрост, непасрэдна з Расіяй у гэтай вайне. Нават Польшча ці Літва. У той жа час кожная краіна NАТО і блок у цэлым будуць аказваць Украіне беспрэцэдэнтную дапамогу і падтрымку ўсім: зброяй, лагістыкай, навучаннем, фінансамі, дарадцамі, разведвальнымі данымі і г. д.
Паўтару — беспрэцэдэнтную, гэта значыць такую, якую не атрымлівала ніводная краіна ў гісторыі NATO ад блока. І гэта акрамя таго, што Захад цалкам забяспечвае бюджэт Украіны падчас вайны: усе заробкі бюджэтнікам, вайскоўцам і г. д. — практычна ўсе выплачваюцца з заходніх грошай.
І гэта акрамя таго, што Захад выдаткоўвае дзясяткі мільярдаў на дапамогу, размяшчэнне, утрыманне ўкраінскіх уцекачоў у сваіх краінах.
І гэта акрамя таго, што Захад наклаў на Расію тысячы санкцый на сотні мільярдаў долараў — і многія гэтыя санкцыі ўдарылі гэтак жа і па заходніх краінах. Але ніхто не плача.
Для заходняга падаткаплацельшчыка, які аплачвае ўсю гэтую вайну за незалежнасць Украіны, карціна павінна выглядаць толькі так — на безабаронную Украіну, якая імкнецца да свабоды, напала велізарная агрэсіўная краіна варвараў. І Захад робіць усё, каб дапамагчы Украіне перамагчы. І гэта каштуе грошай.