Румас паабяцаў апублікаваць праграму інтэграцыі з Расіяй

Праект праграмы інтэграцыі з РФ будзе прадстаўлены на разгляд Лукашэнке ўжо 27 жніўня, а пасля зацвярджэння яе апублікуюць у адкрытым доступе.Пра гэта заявіў Сяргей Румас. Аб гэтым паведамляе Белсат са спасылкай на эфір тэлеканала "Беларусь 1".

rumas_7.jpg


«Мы ў аўторак ужо ўнясём кіраўніку дзяржавы праект гэтай праграмы для яго ўхвалення для таго, каб ужо ў пачатку верасня прэм’ер-міністры парафіравалі гэтую праграму дзеянняў», – распавёў прэмʼер-міністр.
Румас запэўніў, што праект наагул не ўтрымлівае палітычных пытанняў. Паводле яго, у праграме закладзены прынцып «дзве краіны – адзін рынак», а пытанняў палітычнага характару няма. Згодна з гэтай праграмай дзеянняў, дзяржаўныя органы павінны распрацаваць 28 дарожных мапаў па розных сектарах эканомікі.
 «Я думаю, пасля парафіравання праграмы ўрады дзвюх краін апублікуюць яе для таго, каб у грамадскасці былі знятыя асцярогі з нагоды пытанняў суверэнітэту і іншых», – падкрэсліў ён.
Што датычыць эканамічных палажэнняў, то, паводле беларускага прэмʼера, прадпрыемствы на агульным рынку павінны будуць працаваць на роўных умовах. Пад роўнымі ўмовамі бакі разумеюць аднолькавыя цэны на энерганосьбіты, аднолькавую падатковую нагрузку, аднолькавыя рэгулятарныя патрабаванні.
«Гэта той набор інструментаў, які дазволіць атрымаць беларускім прадпрыемствам роўны доступ на расейскі рынак. Ну, і, натуральна, гэта дарога з двухбаковым рухам – расейскія прадпрыемствы без дадатковых барʼераў змогуць прысутнічаць на беларускім рынку», – растлумачыў Румас.
Расея абазначыла свой намер прасоўваць інтэграцыю і развіццё Саюзнай дзяржавы яшчэ ў снежні. Згодна з дамоваю ад 8 снежня 1999 году, у дзвюх краінах павінна быць адзіная валюта, адзіны суд, адзіная мытня, а праз пэўны час – і адзінага кіраўніка Саюзнай дзяржавы, і адзін урад. Гэтыя крокі РФ у 2018-м выклікала заклапочанасць у беларускім грамадстве наконт захавання суверэнітэту. У выніку кіраўнікі Расеі і Беларусі дамовіліся стварыць працоўныя групы для ўрэгулявання аспектаў інтэграцыі. Змест палітычнай часткі гэтых перамоваў не афішаваўся.
У ліпені на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў Пуціну вырашыць усе спрэчныя пытанні і завершыць падрыхтоўку «інтэграцыйнай» праграмы да 8 снежня, 20-й гадавіны падпісання Саюзнай дамовы.