Расія правяла навучальны запуск балістычных ракет
Міністэрства абароны Расіі правяло навучальны запуск балістычных
ракет «Сінь» і «Булава» з атамных падводных лодак «Тула» і «Юры
Далгарукі». Аб гэтым паведамляе Свабода са спасылкай на Мінабароны РФ.

Выпрабаваньні праведзеныя на наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт краіны Ўладзімір Пуцін паабяцаў «сіметрычны адказ» на пуск наземнага варыянту крылатай ракеты «Тамагаўк» у ЗША.
Расійскія ракеты былі выпушчаныя з прыполюснага раёну Паўночнага Ледавітага акіяну і з акваторыі Барэнцава мора. Яны паспяхова дасягнулі навучальных цэляў на палігонах у Архангельскай вобласці і Камчатцы, паведамляе Міністэрства абароны РФ.
- 2 жніўня ЗША афіцыйна спынілі свой удзел у Дамове аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці. У Вашынгтоне лічаць, што прынятая на ўзбраенне ў Расіі ракета 9М729 «Наватар» парушае ўмовы дакументу. Расія гэтыя абвінавачванні абвяргае, але таксама прыпыніла свой удзел у дамове.
- 18 жніўня Пентагон выпрабаваў наземны варыянт ракеты «Тамагаўк» у рамках распрацоўкі новага пакалення ракет сярэдняга радыюсу дзеяння. Пуцін даручыў Міністэрству абароны, МЗС і іншым ведамствам «прыняць вычарпальныя меры па падрыхтоўцы сіметрычнага адказу» на пуск.